З «Дажынак» у Барысаве «хуткая» забрала некалькі чалавек


Падчас абласнога свята «Дажынкі», якое праходзіць у Барысаве каля «Барысаў-Арэны», вецер перакуліў намёт.

«Тры чалавекі дастаўленыя ў больніцу, іх абследуюць лекары», – паведаміў у «Фэйсбуку» афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.

Месца здарэння побач з «Барысаў-Арэнай». Фота з «Фэйсбуку» Віталя Навіцкага

Пазней прэсавая сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун у размове з БелТА ўдакладніла, што пацярпелых было пяцёра.

«Двое з пераломамі накіраваныя ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Яшчэ двое – у Барысаўскую ЦРБ. Акрамя таго, адну пацярпелую пасля аказання медычнай дапамогі на месцы адправілі на амбулаторнае лячэнне», – дадала Барадун.

У суботу ў Беларусі праз моцны вецер – ад 15 да 20 м/с – Белгідрамет абвесціў памаранчавы ўзровень небяспекі.

Падобнае надвор’е будзе і заўтра: уночы на нядзелю метэаролагі прагназуюць вецер 15-18 м/с – і ўжо аб’явілі жоўты ўзровень небяспекі.

Паводле СТВ, на «Дажынкі-2019» Менскай вобласці, якія праходзяць сёння ў Барысаве, запрасілі 15 тысячаў чалавек. Узнагароджанне найлепшых удзельнікаў жніва адбудзецца на «Барысаў-Арэне» сёння ўвечары.

А 20:00 ў эфіры «Белсату» глядзіце рэпартаж з Барысава ад здымачнай групы «Аб’ектыву».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў