З чырвона-зялёнага – у шэрае на выставе «8-мы рэгіён» Сяргея Грыневіча


На выставе «8-мы рэгіён» Сяргея Грыневіча.
Фота: «Белсат»

Гэта першая рэтраспектыўная выстава знакамітага гарадзенскага мастака Сяргея Грыневіча ў Беларусі. Раней падобную экспазіцыю ён выстаўляў толькі ў Швейцарыі.

«На выставе прадстаўленыя не новыя працы, а творы з розных праектаў і з розных часоў», – адзначае творца і тлумачыць назву «8-мы рэгіён»:

«Гэтая выстава пра ўнутраную эміграцыю. Кожны з нас намагаецца як мага менш кантактаваць з Сістэмаю, з бюракратыяй і г.д. Але гэта абсалютна марная і бесперспектыўная ідэя, таму што хочаш ты або не, але Сістэма сама прыйдзе да цябе. У нас у краіне сем рэгіёнаў, а вось гэтая ўнутраная эміграцыя – рэгіён № 8. Яго яшчэ называлі калісьці «Вэйшнорыяй», а калі быць зусім актуальным, то можна назваць «Шчучыншчына».

На выставе «8-мы рэгіён» Сяргея Грыневіча. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Выстава праходзіць у новай галерэі «Дом на Гараднічанскай», якая знаходзіцца ў доме № 23 на аднаіменнай вуліцы. мастак выставіў 80 карцін, выкананых у розных тэхніках. Памеры новай галерэі дазволілі размахнуцца і адлюстраваць амаль усе бакі творчасці Сяргея Грыневіча. Дагэтуль у Горадні не было такой вялікай мастацкай пляцоўкі.

На выставе. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Галерэя належыць вельмі добрай сям’і, якая не хоча сябе афішаваць. Яны перадалі будынак гарадзенскім мастакам пад выкарыстанне ў культурніцкіх праектах. Горадня – адзіны абласны цэнтр краіны, які не мае Мастацкага музею. У нас пазачыняліся фактычна ўсе прыватныя мастацкія галерэі. Ёсць толькі Пляцоўка «Третье место» і невялікая дзяржаўная Выставачная зала. Працы Сяргея Грыневіча сягаюць 10-11 метраў у даўжыню. Дагэтуль не было месца, дзе ён мог іх прэзентаваць», – адзначае Ірына Варкулевіч, куратарка выставы.

Першая ў Беларусі рэтраспектыўная выстава «8-мы рэгіён» Сяргея Грыневіча. Фота «Белсат»

Экспазіцыя складаецца з 10 пакояў на трох паверхах будынку і не мае акрэсленай канцэпцыі, аднак працы ў кожным памяшканні яднае агульная тэма. Напрыклад, у Пакоі № 1 – карціны з біблейскаю тэматыкай. Аўтар анатацыі да выставы, культуролаг Вольга Бараноўская адзначае: «У гэтых працах аўтар разглядае кананічныя сюжэты і вобразы пад новым вуглом, шукаючы новы ракурс архітэпічным выявам. Ён запрашае гледача зірнуць па новаму на ўстойлівыя культурныя коды».

На выставе «8-мы рэгіён» Сяргея Грыневіча. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Асабліва ўражвае манументальнае палатно «Тайная вячэра» (2015 г.) Класічны біблейскі сюжэт: апошні вечар Ісуса Хрыста са сваімі апосталамі перад арыштам. За сталом усе вучні. Пацалунак Іуды. Вось толькі ракурс Хрыста незвычайны: ён сядзіць спінай да нас. Геніяльна! Хрыстос адвярнуўся ад людзей…

«Глядзіш на ягоныя працы і разумееш, што ён – найвялікшы мастак. Калі ты маеш мастацкую адукацыю, то разумееш, наколькі ў ягоных працах складаныя ракурсы ды колеравая палітра. Акрамя гэтага, Сяргей Грыневіч – разумны, вельмі паважаны мастак і Чалавек сучаснасці з вялікай літары!» – захапляецца Ірына Варкулевіч.

Сяргей Грыневіч ніколі не хаваў сваёй грамадзянскай пазіцыі. Некалькі пакояў прысвечаныя бачанню мастаком сацыяльна-палітычнага жыцця Беларусі.

На выставе «8-мы рэгіён» Сяргея Грыневіча.
Фота: «Белсат»

Пакой № 9 – рэфлексія аўтара на грамадзкія падзеі апошніх гадоў. «СОБР» (2015), «Зямля пад белымі крыламі» (2016), «Ізалятар» (2018), «Праспект касманаўтаў» (2018), «Нарада сілавога блоку» (2020)… Усяго 14 карцін, якія дазваляюць гледачу ўзгадаць «некаторыя падзеі з гісторыі беларускай дзяржаўнасці», «але і назіраць цыклічнасць гісторыі» (цытаты – з анатацыі).

Дзве карціны ў Пакоі № 7 – «Без назвы № 1» (2016) і «Без назвы № 2» (2014) – сапраўдны рэквіем шэраму натоўпу безаблічных людзей, заціснутых Сістэмай. Напэўна, самыя дэпрэсіўныя творы на выставе.

Пакой № 3 прысвечаны ваеннай сімволіцы.

На выставе «8-мы рэгіён» Сяргея Грыневіча.
Фота: «Белсат»

«Гэтая зала таксама аб паводзінах асобы ў сістэме, якая спрабуе падвесці ўсіх пад адзін стандарт», – адзначае Вольга Бараноўская. Працы «Расстрэл» (2015) і «Салют» (2015) падкрэсліваюць умоўнасць дабра і зла. Вельмі важны пункт, з якога вы аглядаеце творы. Зло і дабро нібыта мяняюцца месцамі перад вашымі вачыма. Сапраўдная мара любога дыктатара – аднолькавыя клоны, якія маршыруюць на карціне «Працэсія» (2014). Уражвае «Парад з сабакамі» (2014). Тут ужо клоны маюць канкрэтную афарбоўку і прывязку да Беларусі, а цэнтральны вобраз – бліжэйшы да нас сабака, які, падаецца, што проста гатовы скочыць і разарваць усіх «ворагаў народа».

На выставе. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Унікальная выстава твораў Сяргея Грыневіча будзе функцыянаваць цягам трох тыдняў. Наведаць яе можна будзе па серадах, пятніцах і суботах.

На выставе. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Біяграфічная даведка:

Сяргей Грыневіч нарадзіўся ў 1960 годзе, у пасёлку Краснасельскі, Гарадзенскай вобласці. У 1983 годзе скончыў навучанне ў Беларускай Акадэміі мастацтваў (аддзяленне манументальнага жывапісу). Працуе ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і станковага жывапісу. Выстаўляецца з 1982 года. Правёў больш за 60 персанальных выставаў па ўсім свеце, удзельнічаў у разнастайных калектыўных праектах. Працы Сяргея Грыневіча знаходзяцца ў музеях Беларусі і Расеі, а таксама ў банкаўскіх і прыватных калекцыях шматлікіх краін свету.

Алесь Дзянісаў Belsat.eu

Стужка навінаў