З Беларусі за пратэсты высылаюць грамадзянскага актывіста. Вярнуцца ён зможа толькі праз тры гады


Таццяна і Алег Малашчанкі.
Фота: Таццяна Малашчанка / Facebook

Вайсковага пенсіянера з Баранавічаў, які мае расейскае грамадзянства, за пратэсты высылаюць з Беларусі.

Жыхару Баранавічаў Алегу Малашчанку 25 лістапада ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі мясцвага ГАУС паведамілі, што яго высылаюць з краіны, без права ўезду на тры гады. Пакінуць Беларусь трэба да 25 снежня. На абскарджанне рашэння далі некалькі дзён.

Алег Малашчанка – былы афіцэр. З маленства жыў у Баранавічах, скончыў вайсковую службу ў Расеі, дзе аўтаматычна атрымаў расейскае грамадзянства. У 2004 годзе прыехаў у родны горад, некалькі гадоў быў уладальнікам крамы «Вадзянік», а пазней уладкаваўся на 558-ы авіярамонтны завод.

Штамп у пашпарце Алега Малашчанкі.
Фота: Таццяна Малашчанка

Сям’я Малашчанкаў актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці. Яны дамаглася адкрыцця ў Баранавічах беларускамоўных класаў, удзельнічалі ў праектах папулярызацыі беларускай культуры, былі назіральнікамі на выбарах, а жонка Алега – Таццяна – сама была кандыдаткай у дэпутаты.

Судзілі за пратэсты

У каментары belsat.eu Таццяна Малашчанка адзначыла, што мужу так і не далі на рукі копію рашэння аб высылцы. А ў дакуменце, з якім яму дазволілі азнаёміцца, прычына высылкі не пазначаная.

«Калі ў судзе зразумела, што табе шыюць. За што ты вінаваты, у чым правініўся. То тут у самой паперы нічога не сказана», – заявіла актывістка.

З гэтай прычыны таксама не вядома, што канкрэтна трэба абскарджваць.

Паведамленне пра высылку Алега Малашчанкі. Фота: Таццяна Малашчанка
Паведамленне пра высылку Алега Малашчанкі. Фота: Таццяна Малашчанка

На думку Таццяны, выслаць ейнага мужа вырашылі пасля пратэстаў супраць гвалту, якія прайшлі на Баранавіцкім авіярамонтным заводзе ў жніўні. Тады каля дзясяткі працоўных пяць дзён выходзілі на пратэсты, а амаль 400 падпісалі зварот з патрабаваннем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, правядзення новых выбараў, вызвалення палітвязняў і гэтак далей. Ніводнае з патрабаванняў улады не выканалі, падпісантаў звароту апыталі, а ў верасні над працоўнымі пачаліся суды. Судзілі 24 чалавек, у тым ліку і Алега Малашчанку. Яму выпісалі штраф у 25 базавых велічынь – самы вялікі сярод завадчанаў. Рашэнне суду двойчы абскарджвалі, але безвынікова. Да 4 снежня штраф трэба заплаціць.

Гісторыі
«Зразумеў, што жыцця не будзе, забраў сям’ю і з’ехаў у Нямеччыну». Уладальнік БЧБ-кебабнай пакінуў Ваўкавыск
2020.11.22 11:14

На думку Таццяны, з заводу могуць звольніць і іншага актывіста – Ігара Фёдарава, у якога неўзабаве мае скончыцца кантракт. Яго аштрафавалі на 20 базавых.

«Думаюць, што абезгаловяць працоўных зараз, і ўсё – забастоўкі не будзе, нават італьянскай», – адзначыла актывістка.

Куды з’язджаць?

З Беларусі Алег Малашчанка пакуль думае выехаць або ў Польшчу, дзе працуе старэйшая дачка, або ва Украіну, дзе жывуць сваякі. Але шмат залежыць ад таго, дзе будзе лепшая праца.

У Баранавічах у Алега вучацца дзве малодшыя дачкі – у 11-м і 3-м класах. Сярэдняя дачка з разуменнем паставілася да сітуацыі, бо «бацька сам бы не з’ехаў». А вось малодшая дачка ўспрыняла высылку больш цяжка.

Таксама ў Беларусі застаецца 85-гадовая маці актывіста.

«Але маці мы пакуль нічога не гаворым, бо гэта яе можа проста забіць», – распавяла Таццяна Малашчанка.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў