З Беларусі на Украіну могуць напасці толькі трактары і камбайны: МЗС каментуе заяву кіраўніка ўкраінскага дыпведамства


Складваецца ўражанне, што нашы ўкраінскія калегі разважаюць выключна ваеннымі катэгорыямі. Так прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракаментаваў заяву кіраўніка МЗС Украіны Паўла Клімкіна, пра тое, што ўкраінцам небяспечна наведваць Беларусь.

«Літаральна ўчора ў Вене яны намалявалі жахі пра нейкія танкавыя армады, якія нападаюць на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Прэзідэнт нашай краіны неаднаразова казаў пра тое, што адсюль Украіну могуць акупаваць толькі армады беларускіх трактароў або камбайнаў», – адзначыў прадстаўнік ведамства падчас прэс-канферэнцыі ў Менску.

«Адначасова з вуснаў згаданага спадара міністра з’явіўся жахлівік пра нейкія небяспекі для ўкраінскіх грамадзянаў. Таму няма сэнсу каментаваць гэтую, мякка кажучы, байку», – заявіў Глаз.

Прадстаўнік ведамства прапанаваў спытаць у «160 000 уцекачоў, якія ў розны час прыехалі ў Беларусь, дзе ім бяспечней жыць, вучыцца і працаваць. Ці, напрыклад, у 1,5 млн украінцаў, якія наведалі краіну толькі сёлета».

У інтэрв’ю польскаму выданню «Rzeczpospolita» Клімкін сцвярджае, што расейскія спецслужбы «прысутнічаюць» у беларускіх сілавых структурах.

«Перабыванне грамадзянаў Украіны на тэрыторыі Беларусі патэнцыйна небяспечнае, і пра гэта мы будзем гаварыць з Менскам. Мы разумеем, што на тэрыторыі Беларусі дзеюць расейскія ўладныя структуры, Расея прысутнічае там у галіне бяспекі. Але ў двухбаковых адносінах, палітычных ды эканамічных, у нас няма вялікіх праблемаў», – заявіў міністр.

ЮВ, belsat.eu, паводле mfa.gov.by

Стужка навінаў