З Анжэлікі Борыс хочуць спагнаць $ 6000 нібыта незаплачаных падаткаў


Улады Беларусі ў межах «адлігі» ў дачыненнях з Захадам размарозілі падатковую справу Анжэлікі Борыс, якая цяпер займае пасаду старшыні рады непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі.

У 2007 годзе пасля дэлегалізацыі Саюзу палякаў у Беларусі, яе ўдзельнікі стварылі кампанію «Палоніка», якая фактычна пераняла абавязкі «нелегальнай» арганізацыі. Кампанія займалася дабрачыннай і адукацыйнай дзейнасцю.

Неўзабаве ўлады пачалі пераслед кампаніі. Беларускі суд пастанавіў, што кампанія павінна заплаціць дзяржаве падаткаў на $ 40 000. Судовая пастанова закранула і кіраўніцтва фірмы. Анжэліка Борыс мусіла сплаціць частку «падатковай запазычанасці», каб трапіць на пахаванне ахвяраў смаленскай катастрофы.

Напрыканцы 2010 года справу замарозілі. Праз чатыры гады кіраўніцтва «Палонікі» абвясціла аб сваім банкруцтве і ліквідацыі. Але, як высветлілася, падатковая інспекцыя надалей спадзяецца на пагашэнне доўгу.

У чацвер Анжэліка Борыс атрымала ліст ад Гарадзенскай падатковай інспекцыі з патрабаваннем сплаціць доўг. У выніку інфляцыі сума Br 170 млн скарацілася да $ 6000. Актывістка польскай меншасці ў Беларусі баіцца, што калі справа трапіць у суд, то ёй пагражае канфіскацыя маёмасці.

Прадстаўніца Саюзу палякаў Беларусі ўпэўненая, што прэтэнзіі падатковай інспекцыі палітычна матываваныя.

«Апошнім часам улады Беларусі перасталі саджаць нявыгадных людзей у турму, але ўзмацнілі фінансавы ціск. Учора буйныя штрафы атрымалі 12 прадстаўнікоў беларускай апазіцыі», – кажа Анжэліка Борыс.

Ахвярамі пераследу становяцца не толькі апазіцыянеры ды грамадскія актывісты, але і незалежныя журналісты. Цягам 4 месяцаў 2016-га супрацоўнік тэлеканалу «Белсат» Кастусь Жукоўскі атрымаў штрафы на суму Br 50 млн.

Глядзіце таксама >>> Кастусь Жукоўскі зашыў сабе рот

У 2005 годзе беларускія спецслужбы падзялілі Саюз палякаў Беларусі на два лагеры. Улады Беларусі не прызналі рашэння зʼезду арганізацыі, на якім старшынёю была абраная Анжэліка Борыс. У выніку паўстаў праўладная арганізацыя польскай меншасці ў Беларусі. Яе ўзначальвае Станіслаў Сямашка. Пасля расколу Саюзу палякаў улады сканфіскавалі некалькі будынкаў, якія належалі арганізацыі і былі пабудаваныя на польскія грошы.

ЯБ, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў