З Аляксандрам Кулінковічам развітаюцца сёння


Развітанне з музыкам распачнецца а 15-й гадзіне. Жалобная цырымонія пройдзе ў рытуальнай зале крэматорыя на Паўночных могілках пад Менскам.

Пра гэта паведаміў сябар Аляксандра Кулінковіча, музыка Аляксандр Памідораў.

Лідар гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч памёр раніцай 4 жніўня ў 3-м шпіталі Менску.

Учора «Нейра Дзюбель» павінен быў граць паўгадзінны сэт на фестывалі «Рок за баброў» у Менску. На фестывалі музыку ўшанавалі хвілінай маўчання. Некаторыя музыкі прысвяцілі яму свае выступы.

Сяргей Міхалок, які выступаў на імпрэзе, заявіў, што Кулінковіча падкасіла «свінячая, бульбяная, шэрая валтузня, якая ўзнікла некалькі месяцаў таму ў інтэрнэт-прасторы».

«Няхай тыя, хто цяпер выцірае свае гнеўныя пасквілі, усе свае злосныя жарцікі наконт Сашы Кулінковіча, абатруць слёзы ўспамінаў. І, сябры, вам не перакрэсліць тую старонку, калі вы пакрыўдзілі кагосьці дарэмна. Бо што Саша Кулінковіч з таго часу, калі яму можна было забараніць выступаць там, дзе ён хоча, але яго ніколі нельга было прымусіць выступаць там, дзе ён ня хоча», – сказаў са сцэны Сяргей Міхалок.

Імаверна, музыка меў на ўвазе каментары наконт адмовы Кулінковіча выступаць на «Свяце Незалежнасці» у Дзень Волі каля менскай оперы.

ДД

Стужка навінаў