З аэрапорту ў Горадні пачнуць лятаць лоукосты?


Кампанія «Белаэранавігацыя», якой належыць аэрапорт у Горадні, вядзе перамовы з лоукостамі і іншымі авіякампаніямі.

«Гэты аэрапорт мы разглядаем як набліжаны да Вільні, для таго каб трохі «перабіць» пасажырапаток, які ад нас з’язджае ў Вільню», – патлумачыў TUT.BY намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч.

Паводле яго словаў, гаворка ідзе не пра расейскія, а пра еўрапейскія лоукосты Ужо ёсць пратакол аб намерах, падпісаныя дакументы з польскімі кампаніямі, з AirBaltic пытанне яшчэ ўзгадняецца.

Намеснік міністра адзначыў, што за гэтыя перамовы адказвае прадпрыемства «Белаэранавігацыя«, таму пакуль складана сказаць, калі менавіта будзе вынік. Дзяржава ж гатовая са свайго боку выдаць усе дазволы.

Калі гарадзенскі аэрапорт плануюць зрабіць пляцоўкай для лоукостаў, то аэрапорт у Берасці мог бы спецыялізавацца на палётах у Польшчу і Расею. Такім чынам, людзі, якія вандруюць з Польшчы ў Расею, змогуць вылецець у Маскву ці Санкт-Пецярбург без заезду ў Менск.

Паводле дадзеных Мінтрансу, абласныя аэрапорты абслужылі каля 75 тысяч пасажыраў у мінулым годзе, а ў гэтым чакаецца сто тысяч.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў