З 1 студзеня гарачая вада для «дармаедаў» падаражэе ў 5 разоў


Улады зноў шлюць «лісты шчасця». Мы падлічылі, колькі ў новым годзе заплаціць за падагрэў вады беларус, які не пацвердзіць, што ён працуе.

Першыя спісы «дармаедаў» павінны быць сфармаваныя да 1 снежня. Выканкамы ўжо пачалі рассылаць лісты з прапановай даказаць сваю занятасць. Інакш пагражае поўны тарыф за гарачую ваду. Такі ліст Belsat.eu даслаў чытач з Бабруйску.

«Лісты шчасця» зноў пачалі рассылаць «дармаедам»

У апавяшчэнні падкрэсліваецца: «Камісія не валодае звесткамі пра Вашую занятасць у эканоміцы». Як патлумачыла сакратар гарадской камісіі па каардынацыі працы па спрыянні занятасці насельніцтва Бабруйску Людміла Ляскавец, лісты атрымаюць тыя, каго на сённяшні дзень няма ў базе тых, хто працуе. Органы ўлады не займаюцца высвятленнем занятасці чалавека. Пра гэта самастойна мусіць парупіцца кожны, хто знойдзе ў скрыні чарговы «ліст шчасця» ад дзяржавы. Калі ж «патэнцыйны дармаед» не прынясе паперы ў камісію, то аўтаматам трапіць у «спіс незанятых у эканоміцы», нават калі працуе.

Як будуць лічыць камуналку?

Першым пунктам камуналкі, плата за які для «дармаедаў» узрасце, будзе гарачая вада. З 1 студзеня яна будзе разлічвацца па поўным тарыфе (81,4 рублі за 1 Гкал), які амаль у 5 разоў вышэйшы за той, што субсідуецца дзяржавай (16,9 рублі за 1 Гкал).

Плаціць поўны кошт будзе толькі беспрацоўны ўласнік жытла, ці інакш – плацельшчык, той, чыё імя ўказваецца ў «жыроўцы».

Калі разам з «дармаедам» зарэгістраваныя чальцы сям’і, якія працуюць, тады спагнанне па 100% расцэнках будзе частковым. Сакратар бабруйскай камісіі па спрыянні занятасці прывяла прыклад: у кватэры зарэгістраваныя тры чалавекі. Уласнік афіцыйна нідзе не працуе, астатнія два жыльцы – занятыя ў эканоміцы. За месяц сям’я выкарыстала дзевяць кубоў гарачай вады. У гэтым выпадку агульная колькасць затрачанай на падагрэў цеплаэнэргіі будзе дзяліцца на тры часткі. Дзве часткі будуць налічвацца паводле ільготнага тарыфу, і адна – паводле поўнага.

«Але механізм яшчэ не адпрацаваны», – заўважыла сакратар камісіі.

Тое самае кажуць і ў разлікова-вылічальных цэнтрах, якія і налічваюць камуналку:

«Мы яшчэ нічога дакладна не ведаем, пакуль не было ніякіх папер. Адзінае, што вядома – з 1 студзеня гарачая вада для непрацуючых будзе па самым высокім тарыфе, з восені тое ж самае будзе з ацяпленнем».

За цяпло – на 30 даляраў больш

Мы вырашылі падлічыць, на колькі ж падвысіцца камуналка для «дармаедаў». Возьмем тыповую двухпакаёвую кватэру агульнай плошчай 48 квадратных метраў у звычайным дзевяціпавярховіку на тры пад’езды з сярэднім расходам гарачай вады ў чатыры кубы ў месяц на чалавека. Каб гэтая колькасць вады была гарачая, на яе спатрэбіцца 0,287 Гкал. Па ільготным тарыфе гэта каштуе 4,86 рублі, а па поўным – 23,4 рублі.

Ацяпленне па 100% тарыфе дармаедам будуць лічыць толькі з восені 2019 года. Але, калі тарыфы да гэтага часу не зменяцца, то працоўны чалавек у тыповай двухпакаёвай кватэры будзе плаціць 12,5 рублі ў месяц, а па поўным – у 60,13 рублі.

Атрымліваецца, што з наступнай восені дармаед будзе плаціць за камунальныя паслугі на 66,17 рублі больш, чым працоўны чалавек. Гэта, канешне, калі тарыфы не зменяцца.

Акрамя таго, з восені наступнага году па поўным тарыфе будзе аплачвацца газ пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў.

Кацыряна Міхальчык

Глядзі таксама
Каментары