З 1 ліпеня расейскія правайдары будуць захоўваць усе перапіскі і перамовы для спецслужбаў


У Расеі з 1 ліпеня ўступіў у сілу так званы «закон Яравой», які абавязвае расейскіх аператараў сувязі і інтэрнэт-правайдараў захоўваць званкі, лісты, файлы, размовы кліентаў на працягу шасці месяцаў.

Гаворка ідзе пра ўсе званкі па звычайным або мабільным тэлефоне, аб усёй перапісцы ў мессенджерах, чатах або на форумах, пра ўсе перададзеныя файлы. Інтэрнэт-правайдары будуць захоўваць увесь інтэрнэт-трафік сваіх карыстальнікаў.

Доступ да перапіскі і перамоваў карыстальнікаў на тэрыторыі РФ атрымаюць расейскія спецслужбы, але для гэтага ім спатрэбіцца судовае рашэнне. Галоўную ролю тут гуляе ФСБ. Гэтаму ведамству арганізатары распаўсюджвання інфармацыі павінны перадаваць ключы для расшыфроўкі перапіскі.

Пакуль невядома, ці будуць выконваць новы закон буйныя замежныя сацыяльныя сеткі і мессенджеры (Facebook, Twitter, Instagram, WhatsApp, Viber).

«Закон Яравой» неаднаразова падвяргаўся крытыцы – у тым ліку, паколькі захоўванне масіваў дадзеных прадугледжвае маштабныя фінансавыя выдаткі.

ІІ, belsat.eu, паводле «Новая газета» і «Медуза»

Стужка навінаў