З 1 красавіка чарговыя падаражэнні, жыроўкі па новых тарыфах, дэдлайн па дэкларацыях


З 1 красавіка ў Беларусі вырасце базавая арэндная стаўка, павялічацца кошты на некаторыя маркі цыгарэт. У наступным месяцы наступіць дэдлайн па падачы дэкларацыяў па падаходнаму падатку. У красавіку таксама могуць увесці новаўвядзенні па дарожнаму падатку. У наступным месяцы ўлады таксама абяцаюць вызначыцца, якія выбары пройдуць першымі – прэзідэнцкія або парламенцкія.

Пра змены, якія чакаюць беларусаў у красавіку, піша TUT.BY.

Вырасце базавая арэндная стаўка

Базавая арэндная велічыня з 1 красавіка вырасце да 16 рублёў 90 капеек. Цяпер яна складае 16 рублёў 11 капеек. Базавая арэндная велічыня прымяняецца ў разліках арэнднай платы пры арэндзе плошчаў, якія знаходзяцца ў дзяржуласнасці.

Паспець падаць дэкларацыю па падаходным падатку

Беларусам, якія ў 2018 годзе атрымалі прыбыткі, якія трэба дэклараваць, неабходна не пазней за 1 красавіка (уключна) падаць дэкларацыю. Падаходны падатак, які налічылі на падставе прадстаўленай дэкларацыі за 2018 год, трэба выплаціць не пазней за 3 чэрвеня.

За парушэнне тэрміну падачы дэкларацыі і пратэрміноўцы больш 3-х працоўных дзён можна атрымаць штраф

Вырастуць кошты на некаторыя цыгарэты

З 1 красавіка вырастуць кошты на некаторыя маркі цыгарэтаў, а таксама з’явяцца ў продажы новыя гатункі. Цыгарэты гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман» падаражэюць ад 5 да 10 капеек, кампаніі «Тытунь-інвест» – ад 2 да 13 капеек.

З імпартных цыгарэтаў на 5 капеек падаражэюць Kent Double Mix, Kent Mix Red Breeze – да 3,05 рубля, іх увозіць кампанія «Беларусьгандаль». Цыгарэты іншага імпарцёра – «Энерга-ОІЛ», не будуць даражэць з 1 красавіка.

Поўны спіс цыгарэтаў, на якія зменяцца кошты, можна паглядзець на сайце МПЗ.

Змены дарожнага падатку – пад пытаннем

У красавіку ў Беларусі могуць увесці новаўвядзенні па дарожнаму падатку. Мінфін падрыхтаваў указ «Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху», дакумент унесены ўрадам на разгляд у Адміністрацыю кіраўніка краіны.

Згодна з праектам указа, для фізічных асобаў замест дзяржмыты будзе ўведзена плата за ўдзел транспартных сродкаў у дарожным руху, для арганізацыяў і індывідуальных прадпрымальнікаў усё застанецца як і раней. Аплата будзе праводзіцца праз АРІП.

Стаўкі платы для фізічных асобаў устаноўлены ў базавых велічынях у залежнасці ад транспартнага сродку і (або) яго дазволенай максімальнай масы. Мінімальны перыяд, за які можна ўнесці плату, зʼяўляецца каляндарны месяц, максімальны – два гады.

Планавалася, што ўказ уступіць у сілу з 1 красавіка 2019 года. Але ці падпісаны ўказ – пакуль невядома.

Плацяжы за ЖКП па новай схеме

У красавіку некаторыя беларусы атрымаюць сакавіцкія жыроўкі, у якіх плацяжы за некаторыя жыллёва-камунальныя паслугі будуць налічаны па новай схеме.

З 1 сакавіка змянілася схема налічэння плацяжоў за: тэхабслугоўванне жылых дамоў, водазабеспячэнне і водаадвядзенне. Да прыкладу, з сакавіка за тэхабслугоўванне будуць налічваць сумы па ільготным тарыфе (0,1187 рубля за 1 квадратны метр) на ўсю плошчу жылля, калі ў кватэры зарэгістраваны хаця б адна асоба. Калі ніхто не прапісаны, то па поўным тарыфе (у Менску – 0,1216 рубля за 1 квадратны метр, у рэгіёнах – 0,1274 рубля). Раней па поўным тарыфе за тэхабслугоўванне трэба было плаціць, калі плошча кватэры была больш прадугледжаных нормаў плошчы для ўласніка і яго сямʼі: 20 метраў квадратных на кожнага зарэгістраванага ў кватэры чалавека і плюс 10 квадратных метраў на сямʼю.

З 1 сакавіка, калі ў кватэры ёсць зарэгістраваныя па месцы жыхарства або месцы знаходжання (на выбар), то за ўсю спажытую ваду налічваюць плацяжы па ільготным тарыфе. Цяпер дзейнічаюць ліміты ў памеры 140 літраў вады на аднаго чалавека, за гэты абʼём беларусы плоцяць па ільготным тарыфе, а за перавышэнне – па поўным.

Улады абяцаюць распавесці, якія выбары пройдуць першымі

У красавіку Лукашэнка, як плануецца, абвесціць падчас паслання да народу і парламента, якія выбары ў Беларусі пройдуць першымі – прэзідэнцкія або парламенцкія. Пра гэта раней заявіла кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына.

Выбары ў парламент абʼяўляе кіраўнік краіны, пра прэзідэнцкія выбары – парламент.

Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка падчас «Вялікай размовы» сказаў, што дакладную дату прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў збіраюцца абмеркаваць у сакавіку-красавіку і прыняць рашэнне.

У менскім аэрапорце плануюць запусціць новую ўзлётна-пасадачную паласу

У канцы красавіка – пачатку траўня ў менскім аэрапорце плануюць адкрыць новую ўзлётна-пасадачную паласу. Другая ўзлётна-пасадачная паласа ў Нацыянальным аэрапорце Менск будзе на 60 метраў даўжэй першай і складзе 3,7 кіламетраў. Яна зможа прымаць усе тыпы паветраных судоў.

У сувязі з будаўніцтвам другой узлётна-пасадачнай паласы цягнік, які хадзіў у Нацыянальны аэрапорт, адмянілі.

«Мы хочам стварыць сучасны Аэраэкспрес, які будзе заходзіць у Нацыянальны аэрапорт. Мы прапрацоўваем варыянты, як ён павінен ісці, і ў бліжэйшы час выпрацуем гэтае рашэнне», – распавёў раней міністр транспарту Аляксей Аўраменка.

Hавiны
У Беларусі павялічваецца арэндная плата
2019.03.29 08:37

СК belsat.eu

Стужка навінаў