Юрый Данькоў: «Выдатна разумею, што цяпер адбываецца з Віктарам Бабарыкам»


Юрый Данькоў.
Фота: Сяргей Сацюк

Юрый Данькоў змяніў у жыцці шмат іпастасяў: ён быў буйным бізнесоўцам, кандыдатам на пасаду прэзідэнта краіны, асуджаным паводле крымінальнай справы. У інтэрв’ю «Белсату» ён прызнаецца, што сёння знайшоў сваё пакліканне ў нечаканым рэчышчы.

Прабачыць, але не забыць

– Вашае апошняе інтэрв’ю выйшла пад вельмі філасофскім загалоўкам «Я ўсім дараваў». Але вы ўсё яшчэ збіраецеся абскардзіць прысуд у вашай справе ў Еўрапейскім судзе правоў чалавека. У плане маралі вы сітуацыю адпусцілі, што ж матывуе вас займацца справай далей?

– Перш за ўсё, прашу прабачэння ўва ўсіх маіх родных, сяброў, калег, працаўнікоў майго прадпрыемства за тое, што ў сітуацыі, якая склалася, яны засталіся без майго клопату, увагі, удзелу на доўгіх 7 гадоў. А дараваў я тым людзям, якія праз сваю недасведчанасць, няправільнае ўяўленне аб сітуацыі, імкненне ўтапіць чалавека ад жадання выслужыцца перад гаспадаром… Я дараваў тым, хто стварыў 12 тамоў сакрэтнай справы, не даўшы пры гэтым азнаёміцца ​​з ёй ні мне як абвінавачанаму, ні майму адвакату. Ім з гэтым жыць, і ім памятаць пра гэта.

Я ўжо звярнуўся ў Еўрапейскі суд правоў чалавека, каб абскардзіць прысуд. Аднак разгляд справаў там займае даволі шмат часу.

Справка
Юрый Данькоў – у мінулым буйны бізнесовец, уладальнік легендарнага «Данькоў-клубу», мецэнат, дэпутат Менгарсавету, у 2001 г. спрабаваў свае сілы ў прэзідэнцкай гонцы. У 2012 г. супраць яго завялі крымінальную справу, у выніку яго асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі паводле 7 артыкулаў, сярод якіх ухіленне ад выплаты падаткаў, уцягванне ў прастытуцыю, падробліванне дакументаў ды іншае. Віны не прызнаў. Мае чацвярых дзяцей.

Лічу сябе сумленным чалавекам, законапаслухмяным грамадзянінам і паспяховым бізнесоўцам. 25 гадоў кіраваў бізнесам, у якім працавалі каля 200 чалавек, спраўна плаціў падаткі ў бюджэт. У выніку сфабрыкаванай справы, цяжкага судовага працэсу, суровага прысуду і далейшага пераследу ў месцах пазбаўлення волі мяне пазбавілі бізнесу, матэрыяльнага дабрабыту, заплямілі маю рэпутацыю, пазбавілі магчымасці гадаваць дзяцей, радасці кантактаў з сямʼёй і сябрамі. У дачыненні мяне было шмат гвалту, жорсткасці, несправядлівасці. Таму сёння я сінтэзаваў свае веды і досвед у магутны інструмент – праграму СІМПА (сацыяльнае і маральнае пераўтварэнне асобы), якая мусіць змяніць пенітэнцыярную сістэму Беларусі. Той Данькоў, які выйшаў на волю, нашмат больш глыбока разумее ўсе нюансы пенітэнцыярнай сістэмы, чым той Данькоў, які ў ролі дэпутата гарсавету наведваў следчы ізалятар на вул. Валадарскага. Гэта мая асабістая форма пераўтварэння, калі хочаце, і мяркую, у гэтым заключаецца мая галоўная жыццёвая місія.

Будынак КДБ у Менску.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

«Усё, што цяпер адбываецца з Бабарыкам, было і са мной»

– Сёння немагчыма не праводзіць аналогіі паміж вашай гісторыяй і тым, што адбываецца ў краіне. Я маю на ўвазе заключэнне пад варту Віктар Бабарыкі, буйнога менеджара, багатага чалавека і кандыдата ў кандыдаты…

– Выдатна разумею, што цяпер адбываецца з Віктарам Бабарыкам. Не абмінуў ціск і Валерыя Цапкалу. Усё гэта я перажыў сам, хоць нікому дарогі не пераходзіў, нікому нічым не пагражаў. Матывы для заключэння пад варту былі розныя, але вынік адзін і той жа – сумленны чалавек сядзіць у турме. Выходзіць, Віктар Бабарыка выклікае ў кагосьці страх? Чым ён небяспечны? Калі нехта моцны, то чаго яму баяцца? Для чаго гэтыя брутальныя, жорсткія затрыманні і пераслед людзей, абразы, хамскія паводзіны ў адносінах да ўсіх незалежна ад чыну і рангу? Што стаіць за такім нагнятаннем абстаноўкі? Калі з 1994 г. у нас будавалася «моцная дзяржава з разумнай і дальнабачнай уладай», то чым можа ёй пагражаць просты менеджар, кіраўнік, хоць і банкір? Значыць, ёсць у нечым слабасць у гэтай сілы? Яшчэ ў свой час Дастаеўскі сказаў: калі нечыя дзеянні не паддаюцца здароваму лагічнаму тлумачэнню, значыць, тут прысутнічае асабісты інтарэс.

Фота: Сяргей Сацюк

– Відавочна, вас цікавіць лёс краіны. Чаму вы не далучыліся да той ці іншай кампаніі падчас выбараў?

– Пакуль не магу нікуды далучацца. Намінальна я яшчэ адбываю пакаранне, хоць рэжым у мяне і памяняўся. Дзякуючы амністыі я выйшаў на волю на 11 месяцаў раней. Яшчэ 5 гадоў мне нельга займаць пэўныя пасады ў краіне. Сёння яшчэ прыглядаюся.

Час пазбавіцца ад ГУЛАГу

– Вы ўжо згадалі свой план для змянення пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі. Раскажыце, калі ласка, пра яго. Якія крокі вы бачылі б першымі? І як ажыццявіць гэта ў сітуацыі, калі МУС – адно з самых закрытых ведамстваў?

– Нам неабходная альтэрнатыва таму, што мы маем сёння ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі. Мая мэта – аптымізацыя, паляпшэнне ўсіх аспектаў яе дзейнасці. Калі чалавек хоча стаць лепшым, змяніцца, яму трэба даць такую ​​магчымасць. Дазволіць яму сваёй працай вырабляць прадукт, які рэабілітуе яго перад грамадствам.

Турма – гэта месца, дзе чалавек можа адумацца, спыніцца. Калі б з усімі асуджанымі працавалі псіхолагі, выяўлялі іхныя здольнасці і ўменні ды накіроўвалі іх у патрэбнае рэчышча, зняволеныя маглі б атрымліваць адукацыю, асвойваць новыя прафесіі, займацца тым, што ім цікава, і не выпадаць з жыцця грамадства. Ім лягчэй было б адаптавацца пасля выхаду з калоніі. Сёння сістэма называецца папраўчай, а насамрэч яна знішчае людзей.

МУС не павінна мець дачынення да калоніяў. Трэба іх перадаць Міністэрству юстыцыі, а можа, і асобнай арганізацыі. Сёння ў месцах пазбаўлення волі дрэсіруюць толькі пакорлівасць, там ідзе мэтанакіраваная праца, накіраваная на дэградацыю асобы.

Фота: Сяргей Сацюк

– Рэдактар ​​расейскага выдання «Медиазона» Сяргей Смірноў на сустрэчы ў Менску прызнаўся, што грошы на працу выдання даюць тыя, хто адчувае сябе патэнцыйным героем матэрыялаў пра суды і пакаранні. Чым прадыктаванае вашае імкненне заняцца СІМПА? Гэта рэфлексія на ўласны досвед або ўсведамленне, што ў гэтай краіне можна сядзець бясконца?

– Пра бясконцасць вы патрапілі ў кропку. Яшчэ будучы дэпутатам гарадскога савету наведваў следчы ізалятар на вул. Валадарскага і быў адным з тых, хто хацеў нешта змяніць, палепшыць побытавыя ўмовы для вязняў. Гэта страх і жах: над прыбіральняй мыюцца, камеры перапоўненыя. Усе гэтыя незразумелыя логіцы засцярогі… Шмат што можна было б акультурыць, зрабіць усё больш чалавечным. Надзвычайна ўразіла цяжарная жанчына ў ізалятары. Мая жонка якраз выношвала нашага сына, і было невыносна глядзець на жанчыну ў такіх умовах.

Турма па вуліцы Валадарскага, Менск.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Прапанаваў хаця б у 20 камерах з 200 зрабіць усё для арганізацыі нармальных прыбіральняў. Дзверы, плітка, пясок, трубы– усё гэта прывезлі, перадалі, а калі я прыйшоў паглядзець на вынік працы, нічога не было зроблена. Паказалі мне толькі адну камеру, у якой унітаз памянялі. Тады я моўчкі, не абураючыся, сышоў. Мы тады хацелі стварыць апякунскую раду, якая брала б удзел у працы, але зацікаўленасці не ўбачылі. А потым ні адсюль, ні адтуль пачалася гэтая гісторыя 2012 г. [узбуджэнне крымінальнай справы. – Рэд.].

Сёння вонкава ў сістэме ўсё добра, але насамрэч усё засталося нязменным ледзь не з часу ГУЛАГу. Так, сёння ты накормлены, абуты, памыты, але ёсць і іншы бок пытання. Перш за ўсё, гэта зносіны са сваякамі. За час зняволення мой шлюб парушыўся. У сямʼі няма таго цяпла, якога я так чакаў. Думаў, мы абдымемся, будзем разам, а ўсе самі па сабе, раз’ехаліся хто куды. На шчасце, мой бацька дачакаўся мяне, хоць яму і было 89 гадоў. Памёр, не дажыўшы колькі месяцаў да 90-годдзя.

– Нават калі вы былі дэпутатам, вы не змаглі змяніць умоваў і ў дзясятку камераў. Чаму вы думаеце, што ўдасца зараз?

– Больш немагчыма адцягваць развязанне гэтай праблемы. Спадзяюся, што ўлады ўбачаць рацыянальнасць маёй прапановы. Па ўсім свеце ўзровень злачыннасці падае. У нас, наадварот, адкрываюцца новыя турмы. Мне на вытворчасці плацілі капейку за месяц, а позва была на мільярд. Колькі часу трэба чалавеку, каб працуючы ў месцах пазбаўлення волі выплаціць такі доўг? Тут і пажыццёвага не трэба даваць.

Знішчаны бізнес

– Бізнес, які вы некалі пабудавалі, перажыў вашае зняволенне? Чым займаецеся сёння?

– Бізнес быў разбураны. Маёмасць страціла таварны выгляд у выніку варварскага абыходжання, часткова было разрабавана. Мне былі паказаныя фатаграфіі эксклюзіўнага абсталявання, якое проста звалілі ў кучу пад адкрытым небам. Вынік 25-гадовай працы быў знішчаны. У плане бізнесу вяртацца не было куды.

Абсталявання, якое проста звалілі ў кучу пад адкрытым небам. Фота прадстаўленае Юрыем Даньковым

Пасля вызвалення я заняўся распрацоўваннем турыстычнага праекту ў азіяцкім кірунку. Аднак планы парушыла пандэмія.

– Вы былі пасля вызвалення ў «Данькоў-клубе»? Якія пачуцці ўзніклі?

– Быў. Добрыя эмоцыі адчуваў. Зайшоў са сваім блізкім знаёмым. Думаў зайсці інкогніта, адзначыць адну падзею, а калі я зрабіў невялікую заўвагу афіцыянту, падышла адміністратар і спытала: «Вы хоць ведаеце, каго абслугоўваеце?» Глядзяць усе. «Гэта ж Юрый Пятровіч, які валодаў гэтым будынкам». Пазналі мяне.

Размаўляла Марыя Малевіч, фота Сяргей Сацюк belsat.eu

Стужка навінаў