Юры Туронак – чалавек, які адкрыў нам невядомую Другую сусветную


Беларусь жыве нібыта ў двух вымярэннях – адно афіцыйнае, павярхоўнае, чырвонасцяжнае і казённае. Другое – глыбіннае, тое, што перадаецца ад дзядоў і бабуль унукам, але не трапляе ў манаграфіі, якія выдаюцца дзяржаўным коштам. Галоўны канфлікт гэтых вымярэнняў – памяць пра вайну. І менавіта Юры Туронак надаў сапраўднай, глыбіннай памяці беларусаў пра вайну акадэмічнае навуковае афармленне, заклаў пад яе трывалы падмурак з тысячаў прачытаных архіўных дакументаў.

2 студзеня памёр легендарны беларускі гісторык Юры Туронак, галоўныя працы якога прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны ў Беларусі ды дзейнасці беларускага нацыянальнага руху ў гэты трагічны час.

Афіцыйная Беларусь, якая дагэтуль жыве ў палоне савецкай прапаганды і пад сцягамі савецкага ўзору, ганебна пастаралася не заўважыць смерці навукоўца. Але няхай і з усімі праблемамі, якія маюць прарокі ў сваёй Бацькаўшчыне, спадар Юры пражыў слаўнае і надзвычай плённае жыццё, напісаў працы, якія будуць і надалей перамагаць бацылы савецкай ілжы пра гісторыю Беларусі.

Ён нарадзіўся ў сям’і беларускага доктара і грамадскага дзеяча 27 красавіка 1929 года ў Вільні, якая тады была пад уладай Польшчы, пражыў юныя гады на Віленшчыне, што пераходзіла з рук у рукі падчас вайны, а потым пасля смерці бацькі пераехаў на Беласточчыну – радзіму сваёй маці. Пасля вайны Сталін аддаў Беласточчыну са складу БССР у склад планаванай камуністычнай Польшчы. Гэтак будучы гісторык на ўласным лёсе адчуў, што бывае з Радзімай, калі яе рвуць на кавалкі то Берлін, то Масква.

У камуністычны час гісторыяй нельга было займацца без татальнага ідэалагічнага кантролю нават у Польшчы, дзе парадкі былі мякчэйшыя, чым у Беларусі, таму беларускі патрыёт атрымаў эканамічную адукацыю, даследаваў міжнародныя рынкі, працаваў у Еўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэневе. Аднак у той жа час удзельнічаў у беларускім культурным руху ў Польшчы.

Гучную славу на Радзіме Юрыю Туронку прынесла кніга «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», якая змагла выйсці па-беларуску ў Беларусі толькі пасля здабыцця незалежнасці. Кніга зрабіла сапраўдны пераварот у беларускай гістарычнай навуцы.

Справка
Кніга Юрыя Туронка пра Саюз беларускай моладзі, якая таксама стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Фота http://ay.by

У паваенным Савецкім Саюзе падзеі на Усходнім фронце Другой сусветнай вайны, якія атрымалі імя «Вялікай Айчыннай», сталі тады святарнай каровай, новым ідэалагічным грунтам, на якім камуністычныя ўлады будавалі сваю легітымнасць. Маўляў, мы, маскоўскія камуністы, уратавалі беларусаў і ўсю планету ад нацыстаў, за намі пайшоў увесь беларускі народ, таму той, хто супраць нас, – той за нацыстаў і супраць усяго беларускага народу.

Да выхаду гэтай працы альтэрнатыву савецкай гістарычнай прапагандзе, якая малявала карціну «ўсенароднага адзінства», складалі толькі мемуары беларускіх нацыяналістаў-эмігрантаў дый іхныя ж гістарычныя працы, якія, аднак, мелі відавочныя хібы – субʼектыўнасць і адсутнасць доступу да пераважнай большасці архіваў.

Юры Туронак, сам адданы беларускі патрыёт і антыкамуніст, заклаў як падмурак сваіх кніг шматгадовую працу ў архівах з нямецкімі, польскімі, савецкімі дакументамі. Ён паказаў складанасць сітуацыі ў Беларусі ў 1939–1945 гады, калі тут сутыкнуліся інтарэсы Берліну, Масквы, Варшавы, патрыётаў Беларусі, Украіны, Літвы.

Ён з дакументамі ў руках паказаў канфлікты сярод нацысцкага кіраўніцтва акупаванай Беларуссю, паказаў, як беларускія нацыяналісты спрабавалі выкарыстоўваць гэтыя канфлікты ў інтарэсах пабудовы будучай незалежнай Беларусі, як яны баранілі мірнае насельніцтва ад нацысцкіх рэпрэсіяў, стваралі ўласныя ўзброеныя фармаванні.

Справка

Пры гэтым гісторык захаваў абʼектыўнасць, крытыкуючы сярод іншага і беларускіх нацыяналістаў, калі яны, на ягонае меркаванне, таго заслугоўвалі. Скептычна ён паставіўся і да звестак пра дзейнасць антынямецкага нацыяналістычнага падполля – Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Пераважная большасць высноваў, якія зрабіў Юры Туронак, засталіся не аспрэчанымі. Можна сказаць, што сурʼёзныя гісторыкі вайны ў афіцыйных навуковых структурах проста саромеліся спрачацца з Туронкам – гэта было немагчыма. Ягоную працу намагаліся замаўчаць, не заўважаць, але гэта было немагчыма – падняты ўладамі на шчыт культ «Вялікай перамогі» выклікаў цікавасць людзей да наватарскіх працаў гісторыка.

Гэтак будзе і надалей. А калі фантом савецкай прапаганды развеецца, тады Беларусь належна ўшануе свайго сына, які захоўваў праўду пра яе мінуўшчыну.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў