Юры Хашчавацкі да выбарцаў: Гэта не апазіцыя слабая – гэта вы слабыя (забароненае відэа)


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Кандыдат у дэпутаты ад АГП, рэжысёр і аўтар праграмы «Эксперт» на «Белсаце» Юры Хашчавацкі звярнуўся да выбарцаў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-3».

Юры Хашчавацкі балатуецца ў Менску па Свіцлацкай выбарчай акрузе № 93.

Першым тэлевізійны выступ рэжысёра апублікаваў на сваім Youtube-акаўнце журналіст Ягор Марціновіч. Пазней відэа было заблакаванае.

Выступаючы на «Беларусі-3» Юры Хашчавацкі пералічыў шэраг важных праблемаў, якія часта абмяркоўваюць беларусы: рост коштаў, вялікія выдаткі на будаўніцтва рэзідэнцый прэзідэнта, на ўтрыманне войска і чыноўнікаў, неабароненасць перад беззаконнем міліцыянтаў, дрэнная якасць бясплатнай медыцыны, ад якой «хочацца плакаць», дарагая адукацыя для дзяцей.

«Упэўнены, што вы кожны дзень хоць раз пра гэта думаеце, але вы нічога не робіце, каб усё гэта змяніць, – звярнуўся Хашчавацкі да выбарцаў. – Вы нічога не зрабілі ў 1996-ым годзе, калі знішчаўся парламент, вы нічога не зрабілі ў 1999-ым, калі сталі знікаць вядомыя палітыкі, вы нічога не зрабілі ў пачатку 2000-ых, калі Лукашэнка падманам прысвоіў сабе права абірацца пажыццёва, вы нічога не зрабілі ў 2010-ым, калі амаль усіх кандыдатаў у прэзідэнты пасадзілі ў турму. І пасля гэтага вы кажаце, што ў нас слабая апазіцыя? Гэта не апазіцыя слабая – гэта вы, мае дарагія суграмадзяне, слабыя. Пара станавіцца моцнымі, час навучыцца падтрымліваць адно аднаго, пара вярнуць сабе пачуццё ўласнай годнасці. І пачаць трэба з таго, каб вярнуць украдзеныя ў вас сумленныя і свабодныя выбары», – падкрэсліў кандыдат.

Гумарыстычны выступ Хашчавацкага для апатычных выбарнікаў

Выбары ёсць, але ці ёсць выбар? Дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты выкарыстоўваюць агітацыйную кампанію як адзіны спосаб раз на чатыры гады данесці праз дзяржаўнае тэлебачанне і радыё альтэрнатыўны погляд на будучыню краіны. Самыя ж выбарнікі не вераць, што 11 верасня ў апазіцыі ёсць шанцы на перамогу.

Жыхар сталічнай Серабранкі Аляксандр Шумкевіч сочыць за ўсімі выступамі кандыдатаў на тэлебачанні ды кажа, што ўсе яны – вельмі розныя. Але не сумняецца, што сёлета ў парламент, нягледзячы на яркі выступ Юрыя Хашчавацкага, які балатуецца ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, пройдуць, як і чатыры гады таму, толькі праўладныя прэтэндэнты.

«Выступ Хашчавацкага быў лірычным. З гумарам, з нейкімі элементамі жывасці. Але шанцаў у Юрыя Хашчавацкага няшмат», – мяркуе Аляксандр Шумкевіч.

Агітацыйную кампанію кандыдаты ад АГП выкарыстоўваюць напоўніцу: сёння каля прахадной Менскага аўтазаводу сябры партыі раздавалі свежы нумар «Народнай волі» з усцяж актуальнаю праграмаю «Мільён новых працоўных месцаў». У адрозненне ад папярэдняй парламенцкай кампаніі, кандыдаты ад АГП не плануюць здымацца перад галасаваннем.

«Калі нашае падтрыманне будзе вылічвацца тысячамі, дзясяткамі тысячаў людзей, якія нічога не робяць, якія апалітычныя і не вераць ні ва што, калі гэтае падтрыманне ўзнікне, і людзі зразумеюць, куды ім ісці, што іх жыццё стане лепшае пасля рэалізацыі гэтай праграмы, то ўладам давядзецца з гэтым лічыцца», – упэўнены Дзяніс Ціханенка, кандыдат у дэпутаты ад АГП.

А чаго выбарнікі чакаюць ад кандыдатаў у дэпутаты?

«Каб праца заўсёды была. Каб мірна жылі», – кажа рабочы Менскага аўтазаводу.

«Справядлівасці. Я хачу справядлівасці!», – усміхаецца хлопец.

«Стабільнасці. Хацелася б, каб дарогі былі лепшыя», – дзеліцца жанчына.

«А вы думаеце, нешта лепшае будзе? Як было ўсё, гэтак і застанецца», – упэўнены мінак.

Зрэшты, пачуць голас кандыдатаў ад улады не заўсёды выпадае. У Гомлі актывісты спрабавалі трапіць на сустрэчу з Андрэем Шылавым, патэнцыйным народным абраннікам. Але іх не прапусцілі, каб паслухаць кандыдата. Трапіць у залу выбарнікі здолелі толькі з другога разу.

Пра тое, што ў Беларусі неўзабаве адбудуцца чарговыя парламенцкія выбары, кажуць шматлікія плакаты і стэнды ва ўсёй краіне. Што праўда, ні самі выбарнікі, ні альтэрнатыўныя кандыдаты не спадзяюцца, што плебісцыт стане ў поўным сэнсе гэтага слова – дэмакратычным і справядлівым.

МЯ, Віталь Бабін, Гарась Валатовіч, «Белсат»[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў