Юрась Губарэвіч зняўся з выбараў


Кіраўнік Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч 19 чэрвеня адмовіўся ад удзелу ў выбарах. Раней суд Першамайскага раёна Менску пакараў яго 15 соднямі адміністратыўнага арышту.

«Я заяўляю аб выхадзе з прэзідэнцкай выбарчай кампаніі з-за таго, што адбываецца», – сказаў TUT.BY Губарэвіч.

Судзілі Губарэвіча паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у пікеце 7 чэрвеня. Пакуль ён знаходзіцца на волі.

«Пішу пра гэта не з камеры на Акрэсціна толькі таму, што пакінуў залу судовага пасяджэння, не чакаючы выраку. Прысутныя ў калідоры патэнцыйныя канваіры трохі ашалелі, але нічога не маглі зрабіць, бо фармальнага рашэння на той момант не было», – паведаміў Губарэвіч у сваім фэйсбуку.

Правацэнтрысты не збіраліся здаваць подпісы ў выбарчыя камісіі, гэтую кампанію яны імкнуліся выкарыстаць як легальную магчымасць для сходаў і размоваў з людзьмі аб праблемах у краіне.

Нагадаем, сёння быў апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. З 15 ініцыятыўных групаў да фіналу дайшлі 12. Выбары прэзідэнта прызначаныя на 9 жніўня.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў