ЮНЭСКО і Ватыкан шкадуюць з пераўтварэння сабору Святой Сафіі ў мячэць


Сабор святой Сафіі.
Фота: unesco.org

Генеральная дырэктарка ЮНЭСКО выказала глыбокае шкадаванне ў сувязі з рашэннем турэцкіх уладаў змяніць статус сабора Святой Сафіі ў Стамбуле, заявілі ў арганізацыі.

Сабор Святой Сафіі з’яўляецца часткай аб’екту «Гістарычныя раёны Стамбулу», упісанага ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКО.

«Сабор Святой Сафіі зʼяўляецца архітэктурным шэдэўрам і ўнікальным сведчаннем узаемадзеяння паміж Еўропай і Азіяй на працягу стагоддзяў. Статус музею сабору адлюстроўвае ўніверсальны характар яго спадчыны і робіць яго магутным сімвалам дыялогу», – заявіла генеральная дырэктарка Адрэ Азуле.

Паводле яе, рашэнне турэцкіх уладаў падымае пытанне ўплывы гэтай змены статусу на ўніверсальную каштоўнасць абʼекту. Дзяржавы абавязаны забяспечыць, каб ніякія змены не ўплывалі на выдатную ўніверсальную каштоўнасць упісаных абʼектаў на іх тэрыторыях. ЮНЭСКО неабходна загадзя паведамляць пра любыя падобныя змены, якія, пры неабходнасці, разглядае Камітэт Сусветнай спадчыны.

У ЮНЭСКО падкрэслілі, што эфектыўны, усебаковы і справядлівы ўдзел суполак і іншых зацікаўленых бакоў, якія маюць дачыненне да гэтага абʼекту, зʼяўляецца неабходным умовай захавання спадчыны і падкрэслівання ягонай унікальнасці і значнасці.

Гэтыя асцярогі былі даведзеныя да ведама ўладаў Турэччыны і прадстаўніка дэлегацыі краіны пры ЮНЭСКО.

«Выклікае шкадаванне той факт, што рашэнне Турэччыны было прынятае без якой-небудзь формы дыялогу або папярэдняга паведамлення. ЮНЭСКО заклікае турэцкія ўлады неадкладна пачаць дыялог для перадухілення любых згубных наступстваў для ўніверсальнай каштоўнасці гэтага выключнага абʼекту спадчыны, стан захаванасці якога разгледзіць Камітэт Сусветнай спадчыны ў рамках яго наступнай сесіі», – заявілі ў ЮНЭСКО.

Таксама 12 ліпеня падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» ў Ватыкане, Папа Рымскі Францішак пракаментаваў рашэнне турэцкіх уладаў аб змене статуса сабору, паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News.

Пантыфік нагадаў, што ў другую нядзелю ліпеня адзначаецца Міжнародны дзень мора.

«Мора скіроўвае мае думкі далёка, у Стамбул. Я думаю пра сабор святой Сафіі і я вельмі засмучаны», – сказаў Францішак.

  • Сабор святой Сафіі быў пабудаваны ў Канстанцінопалі ў 537 годзе. Дзевяць стагоддзяў ён лічыўся самым вялікім храмам у свеце, а пасля заваявання гораду туркамі стаў галоўнай мячэццю Асманскай імперыі. У 1934 годзе атрымаў статус музею, а ў 1985-м быў прызнаны помнікам сусветнай спадчыны ЮНЭСКО.
  • 10 ліпеня 2020 года Дзяржаўная рада Турэччыны адмяніла рашэнне ўраду краіны ад 1934 году аб змене статуса сабора святой Сафіі ў Стамбуле. Такім чынам, цяпер ён зноў будзе выкарыстоўвацца як мусульманская святыня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў