Юнак, што паскардзіўся ў Генпракуратуру на спробу вярбоўкі КДБ, пакараны паводле адміністрацыйных справаў


Алега Дашкевіча пасля звароту ў Генпракуратуру са скаргай на неправамоцныя дзеянні супрацоўнікаў КДБ, якія вымушалі яго пагадзіцца на добраахвотнае аказанне дапамогі органам дзяржаўнай бяспекі, асудзілі паводле адміністрацыйных справаў.

Жыхара Менску Алега Дашкевіча затрымалі яшчэ 8 красавіка. Міліцыянты ў будынку Кастрычніцкага РУУС паказалі юнаку пратаколы, паводле якіх на яго заведзеныя адміністрацыйныя справы. Падставай для матэрыялаў стала размяшчэнне ў сацсетках мастацкіх фотаздымкаў, на якіх супрацоўнікі РУУС разгледзелі нацысцкую сімволіку. Акрамя таго міліцыянты знайшлі відэа на старонцы юнака пра выраб выбуховых прыладаў. У выніку размову з Алегам Дашкевічам працягнулі супрацоўнікі КДБ. Спецслужбоўцы прапаноўвалі Алегу, паводле яго словаў, супрацу ў замен на адмену, або мінімальнае пакаранне паводле адміністрацыйных справаў.

Hавiны
Напярэдадні Еўрапейскіх гульняў КДБ актывізуе вярбоўку грамадзянаў
2019.04.11 18:55

Але пасля таго, як юнак напісаў заяву ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў КДБ, да яго наведаліся міліцыянты.

«11 красавіка міліцыянты прыйшлі ў маю кватэру з ператрусам. Літаральна а 8-ай раніцы яны былі ў мяне, а а 10-ай гадзіне мяне затрымалі. У РУУС мне сказалі, што ў дачыненні да мяне складзена адразу ажно тры адміністрацыйныя пратаколы. Суддзя прызначыў паводле кожнага пратаколу па пяць содняў адміністрацыйнага арышту», – распавёў «Белсату» Алег Дашкевіч.

Па словах юнака, суд над ім цягнуўся з перапынкамі цягам з 11 па 12 красавіка. За гэты час затрыманага нават не кармілі.

«Мяне асудзілі паводле артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу 17.10 – распаўсюд нацысцкай сімволікі, 17.11 – распаўсюд экстрэмісцкай сімволікі і 17.14 – распаўсюд методыкаў вырабу выбуховых прыладаў. Насамрэч сімволіка ўяўляе сабою мастацкія фотаздымкі. А методыкі – дык я не публікаваў іх асабіста, а скапіяваў на сваю старонку з гэтай жа сацсеткі. Але гэтыя довады не знайшлі разумення ў суддзі», – дадаў Алег Дашкевіч.

Алег Дашкевіч таксама распавёў, што Генпаркуратура даслала яму ліст, у якім адзначаецца, што паводле яго скаргі на дзеянні супрацоўнікаў КДБ, распачата правяранне.

Hавiны
«Я не люблю даносіць». КДБ спрабаваў завербаваць актывіста «Маладога фронту»
2019.03.29 11:45

СК belsat.eu

Стужка навінаў