Юлія Цімашэнка распавяла, як называецца яе прэзідэнцкая праграма


23 студзеня 2019 года. Юлія Цімашэнка падае дакументы ў ЦВК на рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Украіны. Фота – прэсавая служба партыі «Бацькаўшчыны».

Юлія Цімашэнка разам з камандай падала ў Цэнтральную выбарчую камісію дакументы для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на пост прэзідэнта Украіны, падае прэс-служба партыі «Бацькаўшчына».

Лідарка партыі «Бацькіўшчына» заявіла, што мае гатовы каляндарны план рэалізацыі « Новага курсу» – праграмы адраджэння краіны. Паводле Цімашэнкі, яе аўтараў – «інтэлектуальных, таленавітых, моцных, патрыятычных людзей, вучоных, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, прававедаў, візіянераў» – яна асабіста збірала цягам апошніх гадоў.

«Гэта ўнікальны інтэлектуальны прадукт, які распрацавалі самі ўкраінцы», – заявіла Цімашэнка.

Аб тым, што Юлія Цімашэнка будзе балатавацца на пост кандыдата ў прэзідэнты Украіны, стала вядома падчас з’езду партыі «Бацькаўшчына» 22 студзеня.

«Украінская праўда» падае, што, каб правесці з’езд у Палацы спорту, Цімашэнка арандавала яго яшчэ ўлетку.

«Нішто не павінна было перашкодзіць сабрацца менавіта тут і менавіта ў гэты дзень», – падае выданне.

Кіраўніцы «Бацькіўшчыны» 58 гадоў. Яна – адна з лідарак Памаранчавай рэвалюцыі.

У 2007–2010 гадах – прэм’ер Украіны.

На выбарах 2010 года прайграла ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў Віктару Януковічу. У сакавіку 2010-га Вярхоўная рада распусціла ўрад Цімашэнкі, зацвердзіўшы новы кабінет прэм’ер-міністра Мікалая Азарава.

Пасля гэтага супраць Цімашэнкі распачалі крымінальную справу па абвінавачванні ў растраце дзяржаўных сродкаў. У кастрычніку 2011 года яе прызналі вінаватай у прычыненні стратаў «Нафтагазу» і прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўлення волі, якія яна адбывала ў калоніі ў Харкаве.

У 2011-м яе прызналі вінаватай у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Пасля таго, як Януковіч збег з краіны ў выніку «Еўрамайдану», Вярхоўная Рада дэкрыміналізавала артыкул, па якім асудзілі Юлію Цімашэнку. Адразу пасля вызвалення з турмы яна прыехала ў Кіеў і выступіла на Майдане Незалежнасці.

ДД

Глядзі таксама
Каментары