Юлія Слуцкая з СІЗА распавяла пра затрыманне і сваю справу


Заснавальніца «Прэс-клубу» Юлія Слуцкая надалей застаецца пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Яе затрымалі ў аэрапорце 22 снежня, а 31 снежня абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Праз адваката Юлія Слуцкая змагла даць інтэрв’ю TUT.BY, у якім распавяла пра ўмовы ўтрымання і некаторыя абставіны справы.

Пра тое, што яе затрымліваюць, Юлія Слуцкая зразумела з «вачэй супрацоўніцы мытні, якая выказвала спачуванне». 22 снежня Юлія прыляцела з адпачынку ў Менск, і ёй прапанавалі прайсці на дадатковы агляд. Але ў выніку па яе ў аэрапорт прыбылі працаўнікі ДФР Камітэту дзяржкантролю. Потым пачаліся ператрусы і допыты. На другі дзень затрымання Юлію Слуцкую перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага. У камеры разам з Юліяй сем асобаў, трое з якіх абвінавачаныя ў«палітычных» артыкулах.

«Адна жанчына была затрыманая ў «справе Ціханоўскага», другая дзяўчына – студэнтка-актывістка, трэцяя – валанцёр. Адна з суседак асуджаная за наркотыкі, яшчэ адна – за крадзеж. У цэлым лічу, што мне пашанцавала з сукамерніцамі», – пераказвае словы Юліі Слуцкай адвакат Сяргей Лепеш.

Hавiны
Кіраўнікам Press Club Belarus прад’явілі абвінавачанне
2020.12.31 15:28

Паводле адваката Сяргея Лепеша, Юлія адчувае сябе нармалёва. Тройчы на дзень яна робіць зарадку, шмат чытае. Пра тое, што адбываецца з іншымі затрыманымі працаўнікамі «Прэс-клубу», яна нічога не ведае, і моцна перажывае за свайго сына. Пятра Слуцкага таксама затрымалі 22 снежня. З таго моманту з ім не праводзілі ніякіх следчых дзеянняў.

Што вядома пра справу Юліі Слуцкай

Пакуль заснавальніцы «Прэс-клубу» не паказалі дакументаў, якія пацвярджаюць сумы недаплачаных падаткаў, не былі агучаныя і падставы, паводле якіх «Прэс-клуб» павінен быў выплаціць іх у большым абʼёме. Таксама Юліі Слуцкай распавялі, што справа аб нявыплаце падаткаў датвчыць «праекту грамадскага тэлебачання», якое нібыта стваралі былыя журналісты дзяржаўных тэлеканалаў.

«Акадэмія «Прэс-клубу» сапраўды ладзіла хакатон медыяпраектаў. Было больш за 30 заявак. Журы, якое складаецца з медыяэкспертаў ды інвестараў, абрала сем праектаў, якія трапілі ў інкубатар. Праекты былі накіраваны на розныя ўзроставыя і мэтавыя групы і не мелі ніякага дачынення да палітыкі. Адна з прапановаў магла б стаць відэапраектам, але ніякага дачынення да тэлебачання яна не мае», – перадае словы Юліі Слуцкай адвакат.

Паводле адваката, Юлія Слуцкая мяркуе, што яе затрымалі менавіта за прафесійную дзейнасць.

На сёння таксама вядома, што сваякі затрыманых перавялі на рахунак Следчага камітэту 109 769 беларускіх рублёў, такая сума, паводле следчых, складае недаплачаныя падаткі «Прэс-клубу».

Аляксандра Слуцкая, дачка Юліі, распавяла «Белсату», што менавіта такую суму агучвае Следчы камітэт.

«Мы ні ў якім выпадку не лічым гэтую аплату кампенсаваннем шкоды. Мы, сваякі затрыманых, пайшлі на такі крок, каб потым адвакаты змаглі хадайнічаць пра змену захады стрымання затрыманым. Важна падкрэсліць, што мы не прызнаем віны затрыманых і не кампенсуем шкоду, якую нібыта пабачыў Следчы камітэт, але сродкі заплацілі ў якасці магчымай шкоды. Агулам у матэрыялах справы фігуруе сума памерам 109 769 рублёў і 58 капеек», – распавяла «Белсату» Аляксандра Слуцкая.

Hавiны
«У мамы ў камеры 8 чалавек, у брата – 13». Кіраўніцтва «Прэс-клубу» за кратамі ўжо 14 дзён
2021.01.05 10:07

СК belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў