Юбілейная нядзеля пратэстаў – «Марш гонару» праходзіць ва ўсіх гарадах Беларусі. ОНЛАЙН


11 кастрычніка а 14 гадзіне стартаваў «Марш гонару». На цэнтральныя вуліцы гарадоў выходзяць беларусы, якія ўсцяж настойваюць на змене ўлады, вызваленні і рэабілітацыі палітычных закладнікаў. Жыхары і наведнікі сталіцы традыцыйна збіраюцца ля Стэлы. Гэта юбілейная дзясятая нядзеля і 64 дзень пратэстаў.

«Белсат» ладзіць стрым. Вядоўцы ў жывым эфіры аналізуюць падзеі гэтага дня, збіраюць каментары экспертаў, меркаванні беларусаў і найважнейшыя навіны.

Дасылайце СМС у студыю: +48 519 040 024

Напярэдадні заклік прыйсці на марш з’явіўся таксама на шэрагу сайтаў дзяржаўных арганізацыяў і ведамстваў намаганнямі народных кібер-партызанаў. Хакеры пакінулі пасланні беларускаму народу і заклікалі жыхароў сталіцы наведаць Белтэлерадыёкампанію.

Аператар А1 паведаміў, што ў «адпаведнасці з распараджэннем упаўнаважаных дзяржаўных органаў 11 кастрычніка ў Менску зніжаная прапускная здольнасць мабільнага інтэрнэту». Працу спынілі чатыры станцыі метро: «Кастрычніцкая», «Купалаўская», «Няміга» і «Плошча Перамогі» (цэнтральныя станцыі).

18.35 Працягваюцца затрыманні ў Менску. На Пушкінскай затрымалі актора тэатру беларускай драматургіі Іллю Ясінскага, яго вязуць у РАУС. Агулам на 18.30 праваабаронцам «Вясны» вядома ўжо 214 імёнаў затрыманых. Сьпіс абнаўляецца.

18.00 Па стане на 18.00 праваабаронцам «Вясны» вядомыя 180 імёнаў і прозвішчаў затрыманых па краіне. Большасць з іх у сталіцы краіны.

17.50 Міліцыянты працягваюць затрыманні ў дварах. На Пушкінскай затрымалі галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча разам з фатографкай Надзеяй Бужан.

17.10 Калону, якая ішла ад Оперы ў боку Камароўкі, а потым звярнула на вуліцу Харужай у бок стэлы, пару хвілінаў таму разагналі каля расейскай амбасады.

16.45 Праваабаронцы паведамляюць пра 95 затрыманых. Спіс дапаўняецца.

16.40 Каля Стэлы прагучаў магутны выбух, цяпер туды накіроўваюцца машыны хуткай дапамогі. Гучыць меркаванне, што мог выбухнуць баявы снарад.

Слуп дыму пасля выбуху.
Фота: Тэлеграм-канал motolkohelp

16.32 Каля метро Пушкінская жорсткі разгон. Чуваць стрэлы. Людзей паліваюць з вадамёту.

16.30 У абласных гарадах міліцыянты перашкаджаюць людзям сабрацца ў калоны. Хапуны адбываюцца ў Магілёве, Горадні, Берасці.

16.20 Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра 80 затрыманых. Прынамсі столькі вядома прозвішчаў людзей, якіх схапілі міліцыянты.

16.05 Мішэнямі затрыманняў сёння становяцца журналісты. Дзясткі затрыманыя па ўсёй Беларусі. За кратамі журналісты «Белсату» Зміцер Міцкевіч. У Берасці затрымалі Алеся Леўчука і карэспандэнту Белапан Мілану Харытонаву.

16.00 У сталіцы некалькі вялікіх калонаў, якія не могуць сабрацца. Міліцыянты перашкаджаюць ім у гэтым. Вялізная калона на Кальварыйскай.

15.55 Людзі сыходзяць ад Стэлы. Там шмат сілавікоў. Многія з агнястрэльнай зброяй.

Марш гонару
Сілавікі каля стэлы падчас разгоны «Маршу гонару». 11 кастрычніка 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV
Марш гонару
Сілавікі каля стэлы падчас разгоны «Маршу гонару». 11 кастрычніка 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV
Марш гонару
Сілавікі каля стэлы падчас разгоны «Маршу гонару». 11 кастрычніка 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV

15.45 Каля Стэлы ізноў чуваць выбухі. Там таксама ўжываюць вадамёт.

15.40 Міліцыянты пацвердзілі ўжыванне вадамётаў супраць людзей.

15.35 Пасля таго, як людзі пачалі збірацца каля Стэлы ў Менску, міліцыянты пачалі збіваць людзей, пачалася цісканіна, некаторыя пачалі даваць адпор. З’явіўся кіраўнік менскага амапу Дзмітрый Балаба. Ён паспрабаваў даць інтэрвʼю дзяржаўнаму тэлеканалу, але людзі абступілі яго і пачалі крычаць «Пайшоў вон!» У вынікі міліцыянты ўжылі святлошумавыя гранаты і слезацечны газ. Людзі сышлі ад Стэлы. Але праз некаторы час утварылася іншая калона, якая ізноў накіроўваецца па праспекце сюды. Цяпер каля Стэлы дзясяткі тысячаў.

15.00 Сярод затрыманых у Горадні таксама ёсць журналісты: Сяргея Людкевіч, Вольгу Камягіна, Марына Харэвіч.

Жыхары Баранавічаў выходзяць на Марш гонару 11 кастрычніка.
Фота: Belsat.eu

14.45 Ня гледзячы на дождж, выходзяць жыхары Баранавічаў. На вуліцах Жабінкі, Пружанаў, Добрушу, Бабруйску, і ўсіх абласных цэнтраў – таксама расце пратэстная хваля. У Жодзіне, у Горадні затрымліваюць людзей.

14.25 Каля Стэлы ў Менску працягваюцца затрыманні. Бусы заязджаюць у двары, дзе затрымліваць людзей прасцей. Людзі разбягаюцца.

14.00 У Менску затрыманыя журналісты «Белсату» Зміцер Міцкевіч, Станіслаў Івашкевіч, а таксама журналістка Еўрарадыё Настасся Бойка. Журналістаў ТАСС Наталлю Фядосенка, Гаўрыіла Грыгорава і Валерыя Сцепчынкова вызвалілі пасля праверкі дакументаў.

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў