Юбілей беларускага рубля. Што мы будзем святкаваць?


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 лютага на сустрэчы са старшынём Нацбанку Паўлам Калаурам абмеркаваў ініцыятывы з нагоды 25-годдзя беларускага рубля. Паводле кіраўніка Беларусі, дата мусіць прагучаць у грамадстве: «Мы паступова выбудоўвалі сваю грашовую сістэму, стваралі сваю грашовую адзінку. Сёння ўжо ніхто не кажа, што яна такая-сякая і не такая». З гэтай прычына карэспандэнты Belsat.eu вырашылі ўзгадаць галоўныя факты з жыцця беларускага рубля.

Не 25, а 27

Насамрэч, нацыянальнай валюце сёлета спаўняецца не 25, а 27 гадоў. Пры гэтым у памяць пра манеты часоў Вялікага княства Літоўскага была ініцыятыва назваць будучы беларускі рубель талерам, але няўдала. Першыя беларускія банкноты ўвайшлі ў зварот 25 траўня 1992 года. Гэта былі знакамітыя «зайчыкі» – купюры з выявамі вавёрак, зайцоў, баброў, ваўкоў, рысяў, ласёў, мядзведзяў і зуброў ды «Пагоняй» на звароце.

Але хуткае абясцэньванне рубля прывяло да таго, што жывёльны запас скончыўся і 8 снежня 1992 года з’явіліся першыя купюры з выявамі будынкаў. А ў 1998 годзе з банкнотаў прыбралі «Пагоню». Купюру з самым вялікім наміналам за ўсю айчынную гісторыю беларусы змаглі ўзяць у рукі ў верасні 1999 года – гэта былі 5 000 000 рублёў з выявай Палацу спорту. Доўгі час рубель не меў сваіх манетаў. Упершыню яны былі ўведзеныя ў зварот толькі з 1 ліпеня 2016 года.

Дэнамінацыі і дэвальвацыі

Доўгі час беларускі рубель вельмі слабым. З прычыны гэтага ўвесь час выпускаліся новыя купюры з новай колькасцю нулёў. А каб нулі былі не такія страшныя, у 2000 і 2016 гадах былі праведзеныя дзве дэнамінацыі. Калі б не яны, сёння за адзін долар у Беларусі давалі б не 2,1579 рубля, а 21.579.000 рублёў.

Апроч дэнамінацыяў, рэгулярнымі спадарожнікамі рубля былі разавыя дэвальвацыі. З прычыны іх толькі за апошнія дзесяць гадоў яго курс да долара ўпаў у 9,8 разу – з 2200 рублёў 31 снежня 2008-га да 2,1598 (з улікам дэнамінацыі) 31 снежня 2018-га. Разам з тым з моманту апошняй дэнамінацыі 2016 года курс долара вырас толькі на 7,6% – з 2,0053 на 1 ліпеня 2016-га да 2,1579.

«Нацыянальная валюта адбылася»

Увогуле, як заявіў у каментары Belsat.eu былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, сёння ў Беларусі дасягнутая стабілізацыя на грашовым і крэдытным рынках, зніжаная інфляцыя, стабільны валютны курс, стабільныя золата-валютныя рэзервы. «Таму ў гэтым плане нацыянальная валюта адбылася. І сёння злачынна думаць пра тое, каб аб’ядноўвацца з Расеяй і ствараць нейкую іншую валюту, улічваючы тое, што Расея нестабільная, авантурная, і таму трэба трымацца за ўласную валюту», – падкрэсліў ён, назваўшы стабільнасць валюты адным з паказчыкаў таго, што Беларусь адбылася як дзяржава.

Наконт таго, што рублю сёлета будзе не 25 гадоў, а 27, то, на думку суразмоўцы, для Аляксандра Лукашэнкі як для чалавека, які мяняе дату ўласнага дня народзінаў, усё магчыма. Але факт застаецца фактам, што аграмадная заслуга Нацбанку і асабіста Паўла Калаура ў тым, што ў Беларусі сёння валюта стабільная, адзначыў Станіслаў Багданкевіч.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў