«Ёсць яшчэ крэпенькія». Ветэранская арганізацыя запрашае ўдзельнікаў вайны на парад падчас каронавірусу


Беларусь – адзіная краіна ў свеце, дзе падчас пандэміі на дзяржаўным узроўні ладзяць масавае мерапрыемства да Дня Перамогі. Belsat.eu запытаў ва ўдзельнікаў вайны, ці пойдуць яны на парад 9 траўня, а ў ветэранскай арганізацыі – якія меры бяспекі яна гарантуе прысутным ветэранам.

Сёлета адзначаецца 75-я гадавіна падпісання капітуляцыі нацыскай Нямеччынай. Пасля вайны парады на Дзень Перамогі наагул не праводзіліся яшчэ 20 гадоў. З 1995-га ў Маскве яны пачалі праводзіцца кожны год на Чырвонай плошчы. У Беларусі парад на 9 траўня звычайна прымеркаваны да юбілейных датаў. Апошні раз гэта было ў 2015-м.

На фоне пандэміі каронавірусу ўлады Расеі перанеслі парад на нявызначаны тэрмін. Першапачаткова Уладзімір Пуцін планаваў запрасіць на яго сусветных лідараў, аднак праз імклівы распаўсюд інфекцыі скасаваў план. Тым часам Аляксандр Лукашэнка 3 траўня заявіў, што ў Менску парад адбудзецца, бо «тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло».

Hавiны
Лукашэнка пра парад 9 траўня: «Тысячы і тысячы людзей хочуць, каб гэтае мерапрыемства прайшло»
2020.05.03 13:29

«Мяне вельмі хвалюе, што людзі не ўхваляць, калі мы, спалохаўшыся, разбрыдземся па норах. І наагул, Беларусь – гэта жывы помнік той вайны. І я думаю, што ў гэты дзень тут маглі б прысутнічаць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў», – заявіў ён і публічна запрасіў усіх кіраўнікоў дзяржаў «хаця б былога Саюзу».

Лукашэнка адзначыў, што ветэраны нібыта самі выказалі жаданне наведаць парад, аднак заклікаў «паберагчы старых» і вырашыў, што на парадзе будуць не ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, а ветэраны ўзброеных сілаў.

«Думаю, яны мяне прабачаць, што я не задаволіў упершыню за 20 гадоў просьбу прывезці іх на парад», – сказаў Лукашэнка.

«Запрашалі, але я даў адбой»

Фёдар Мядзведзь.
Фота: «Минск-Новости»

99-гадовы ўдзельнік вайны Фёдар Мядзведзь распавёў belsat.eu, што раней наведваў парады, але сёлета не збіраецца.

«Да мяне ўжо прыходзілі з савету ветэранаў, запрашалі, але я даў адбой. Я не вельмі добра сябе адчуваю, не пайду сёлета. Сядзець і тое цяжка. У мінулым годзе я там сядзеў, дзе даклад Лукашэнка рабіў… А цяпер мне ўжо вельмі цяжка», – сказаў ветэран.

Паводле Мядзведзя, да яго прыходзілі віншаваць з Днём Перамогі афіцэры – палкоўнік і падпалкоўнік – з вайсковай часткі 3214, дзе ён сам служыў, прынеслі «добрыя падарункі».

Апошні дагэтуль жывы Герой Савецкага саюзу, які атрымаў гэтае званне яшчэ ў савецка-фінскую вайну – Васіль Мічурын з Менску. Цяпер яму 104 гады.

«Я даўно на парадзе не бываў. Калі апошні раз быў? Не памятаю. Ногі кепска ходзяць, я з палачкай хаджу», – сказаў ён.

Сваячка Мічурына, якая даглядае за ім, распавяла, што яны цяпер «на ізаляцыі».

«Адзін-два чалавекі ва ўзросце памерлі па хваробах»

Як высветліў belsat.eu, нягледзячы на публічна агучанае рашэнне Лукашэнкі не запрашаць ветэранаў вайны на парад, прадстаўнікі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў сапраўды прапанавалі ім узяць удзел.

«Мы глядзім, усё па згодзе. Правяраем, калі ён [ветэран. – Belsat.eu] адчувае сябе нармальна… Зараз вось будзем аб’язджаць. Некалькі чалавек будуць, яны самі хочуць, выявілі моцнае жаданне быць на парадзе. Ёсць тыя, хто сёння яшчэ крэпенькія, адпаведна, мы ім пойдзем насустрач», – сказаў кіраўнік арганізацыі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Гардзейчык.

Іван Гардзейчык. Фота sb.by

У сярэдзіне красавіка, як толькі стала вядома, што расейскія ветэраны папрасілі Пуціна адкласці парад у Маскве, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў выступіла з прапановай яго правесці, бо «сітуацыя дазваляе».

На пытанне, ці будуць прымацца меры бяспекі для пажылых наведнікаў і якія, Гардзейчык кажа:

«Ну, напэўна, будуць, як і паўсюдна. Вызначаць там… Мы будзем 7 траўня праводзіць нараду, там будуць усе зацікаўленыя бакі, будзем неяк гэтую справу абгаворваць. Агульнае рашэнне ёсць, а нюансы, дэталі пакуль яшчэ невядомыя».

– Як вы асабіста ставіцеся да рашэння правесці парад, нягледзячы на эпідэмію каронавірусу?

– Я чалавек вайсковы і сёння, як кожны грамадзянін рэспублікі, зацікаўлены ў тым, каб парад быў. Гэта мае бачанне. Парад – гэта не проста бразганне зброяй, а менавіта паказанне таго, што ў дзяржавы ёсць чым абараняцца і ёсць каго абараняць.

– Кажуць, што галоўная пагроза цяпер – эпідэмія.

– Ведаеце, можна пагаджацца, можна не. Штодня ў нас людзі гінуць і на пажарах, і ў ДТЗ, але чамусьці мы пра гэта нічога не кажам. А вось там, дзе адзін-два чалавекі ва ўзросце памерла па хваробах… Зразумела, мы рэагуем неяк, але трэба супастаўляць штосьці з чымсьці.

Hавiны
САЗ: У Беларусі – самы высокі тэмп прыросту новых выпадкаў каронавіруса
2020.05.01 15:04

«Маскі павінны мець самі»

Намеснік Гардзейчыка па ветэранскім аб’яднанні, генерал-маёр Люцыян Сурынт сцвярджае: «Ніхто не прымушае іх ісці на парад, але аддаляць, агароджваць іх ад параду таксама ніхто не будзе. Хто прыйдзе – той прыйдзе».

Люцыян Сурынт. Фота sb.by

– Ці ёсць прыкладная лічба ветэранаў, якія збіраюцца ісці, нягледзячы ні на што? Ім жа трэба нейкія асаблівыя ўмовы забяспечыць.

– Па горадзе Менску, па раёнах размеркаваныя месцы на трыбунах, на трыбуне, якая найлепшая, адкуль усё бачна. Хто пажадае – будзе забяспечаны запрашальнымі квіткамі і туды іх прапусцяць.

Я так думаю, каму абавязковае суправаджэнне трэба – яны не асабліва туды пойдуць, а вось каму трэба трошачкі дапамагчы, гэта каму 93 і больш – тых суправаджаюць іхныя сваякі. Ніякіх сіл і сродкаў арганізаваць іх суправаджэнне ў нас не маецца.

А маскі, як і любыя грамадзяне, яны павінны мець самі. У нас жа нашэнне масак неабавязковае, нікога не прымушаюць іх насіць. Хто возьме, той возьме.

***

Паводле звестак Мінпрацы, у Беларусі па стане на красавік 2020 году засталіся 4 806 ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Наймалодшым удзельнікам сёлета спаўняецца 93 гады.

КА belsat.eu

Стужка навінаў