«Ёсць верагоднасць, што больш акцыяў не будзе». У Менску прайшоў недазволены «Чарнобыльскі шлях»


Увечары 26 красавіка ў Менску ля Акадэміі навук актывісты сабраліся, каб прайсці традыцыйным «Чарнобыльскім шляхам». У адрозненні ад папярэдніх гадоў, сёлета ўлады не далі дазволу на дэманстрацыю.

Напачатку ў месцы збору было ўсяго двое ўдзельнікаў, а побач з імі – больш за дзясятак міліцыянтаў у цывільным, у тым ліку кіраўнік Менскага АМАПу Дзмітрый Балаба. За будынкам кінатэатру «Кастрычнік» тым часам дзяжурылі машыны «хуткай», а на паралельных вуліцах стаялі аўтазакі.

Ускладанне кветак да Чарнобыльскай капліцы. Фота «Белсат»

Бліжэй да 18-й гадзіны з’явіліся арганізатары акцыі – сустаршыня БХД Вольга Кавалькова і першы намеснік старшыні партыі «Зяленых» Зміцер Кучук. Ня ўсе палітычныя партыі падтрымалі заклік выйсці на «Чарнобыльскі шлях», але былі прадстаўнікі АГП, БХД, Руху салідарнасці «Разам», Маладога фронту.

«Не дазваляючы такія акцыі, улады парушаюць канстытуцыйнае права грамадзянаў на мірны пратэст, але, падаецца, прыйшоў ужо час беларусам пачаць выказваць меркаванне незалежна ад забаронаў або дазволаў», – адзначыў Кучук.

Актывістка Надзея Гацак кажа, што прыйшла сёння з маральных перакананняў. «Ёсць вялікая верагоднасць, што акцыяў больш не будзе наагул. Бо, паглядзіце прышлі ўмоўныя тры з паловай чалавекі… Я лічу патрабаваць з нас грошы за тое, што мы нават не просім нас ахоўваць – як мінімум несумленна, як максімум брыдка», – мяркуе яна.

Чарнобыльскі шлях. Фота – «Белсат»

На думку Надзеі, спаганяць грошы будуць не толькі з апазіцыі, але і з арганізатараў усіх мерапрыемстваў, «але ж у БРСМ праблемаў з фінансаваннем не ўзнікне».

Некаторыя ўдзельнікі прыйшлі з плакатамі: адна жанчына сталага веку трымала надпіс з лічбамі смяротнасці ў Беларусі. Паводле яе словаў, такім чынам яна хацела прыцягнуць увагу да праблемы радыяцыйнага забруджвання тэрыторыі краіны. Аднак тэмаю Чарнобылю выказванні дэманстрантаў не абмяжоўваліся. На плакаце іншага ўдзельніка было напісана: «Сацыяльна-эканамічны Чарнобыль куды страшнейшы за атамны».

26 красавіка 2019 года. Міліцыянт папярэджвае удзельніцу «Чарнобыльскага шляху» Ніну Багінскую аб адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у несакнцыянаванай акцыі. Фота – «Белсат»

Праз 15 хвілін пасля збору да Ніны Багінскай, якая разгарнула бел-чырвона-белы сцяг, падышоў супрацоўнік міліцыі ў форме і нагадаў, што акцыя несанкцыянаваная і ўдзельнікі могуць быць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці. Ён папрасіў удзельнікаў «праследаваць у афіцыйнае месца правядзення мерапрыемства – Кіеўскі сквер». Пасля гэтага прыкладна 30 чалавек рушылі па праспекце Незалежнасці ў сквер, каб ускласці кветкі да капліцы «Ахвярам Чарнобылю». У руках людзі трымалі па дзве жалобныя кветкі, над натоўпам луналі два нацыянальныя сцягі.

26 красавіка 2019 года. Удзельнікі Чарнобыльскага шляху перад будынкам Акадэміі навук. Фота – «Белсат»
Увесь шлях да скверу калону суправаджаў сіні мікрааўтобус з усталяванымі на даху камерамі і антэнай. Таксама шэсце здымаў аператар дзяржаўнага тэлебачання. Фота «Белсат»
На несанкцыянаванай акцыі журналісты налічылі 79 супрацоўнікаў у цывільным. Фота «Белсат»

Дайшоўшы да Кіеўскага скверу, удзельнікі «Чарнобыльскага шляху» прачыталі малітву ў памяць загінулых ад Чарнобыльскай катастрофы, праспявалі гімн «Магутны Божа», усклалі кветкі да капліцы і запалілі знічы.

  • Заяўку на правядзенне акцыі «Чарнобыльскі шлях» прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў падалі 8 красавіка. Заяўка прадугледжвала збор удзельнікаў а 18-й на пляцоўкі каля Акадэміі Навук і шэсце праз вуліцу Сурганава да Чарнобыльскай капліцы. Менгарвыканкам дазволіў акцыю, але абавязаў заяўнікаў аплацілі паслугі міліцыі ў суме больш за 5 700 рублёў.
  • У адказ аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» выступіў з заяваю, у якой назваў непрымальнымі спагнанне грошай за працу міліцыі, якая фінансуецца з дзяржбюджэту. «Па факце гэта падвойная аплата дзеянняў, у якіх не толькі няма неабходнасці, але часцяком у Беларусі – пагроза для ўдзельнікаў мерапрыемстваў», – адзначалася ў заяве аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху-2019». У выніку арганізатары ў пісьмовай форме накіравалі ў Менгарвыканкам адмову. «Справа не ў грошах – гэта прынцыповая палітычная пазіцыя. Калі не адмовіцца цяпер – такая практыка будзе працягвацца і надалей, як было з Днём Волі», – сказала belsat.eu сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

КА belsat.eu

Стужка навінаў