«Ёсць шмат агульнага» – Украінскія журналісты падтрымалі беларускіх калегаў


За праўду – без арыштаў! У Беларусі з пачатку года больш за 500 разоў фіксавалі факты перашкоды журналісцкай дзейнасці, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. У сувязі з татальнымі пераследам медыйшчыкаў 1 снежня ў Кіеве правялі круглы стол, дзе журналісты Украіны выказалі салідарнасць сваім беларускім калегам.

Падчас дыскусіі правялі аналогію з падзеямі шасцігадовай даўніны – сутыкненнямі з сілавікамі на Майдане. Тады ўкраінцы супрацьстаялі рэжыму і змагаліся за свабоду як беларусы сёння.

Аляксей Дзікавіцкі падчас канферэнцыі ў Кіеве.
Фота: belsat.eu

«Ёсць шмат агульнага з тым, што адбывалася ў Украіне ў 2013–2014 гадах. Тады таксама збівалі, кідалі за краты журналістаў ва Украіне. Як мы бачым, на жаль, нічога новага няма. Дыктатары любяць вучыцца адзін у аднаго. І вось Лукашэнка цяпер робіць так, як рабілі ўкраінскія ўлады яшчэ да вашай рэвалюцыі. Мы гатовыя не толькі слухаць цёплыя галасы салідарнасці з намі, але і гатовыя пераняць любы досвед, скажам прама, выжывання ва ўмовах дыктатуры», – заявіў падчас сустрэчы намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Кіраўнік Нацыянальнага прафсаюзу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка адзначыў, што прадстаўнікі СМІ не павінны баяцца за сваё жыццё, калі выконваюць працу.

«Мы ўпэўненыя, што ва Украіне, Беларусі, Польшчы журналіст, які выконвае прафесійныя абавязкі, – не павінен баяцца ні арыштаў, ні затрыманняў. Журналіст не павінен перажываць, што ён займаецца небяспечнай працай. Сённяшняя дыскусія аб праве кожнага журналіста – заставацца ў прафесіі пры гэтым быць жывым і здаровым», – заявіў старшыня Нацыянальнага саюзу журналістаў Сяргей Таміленка.

Сяргей Таміленка.
Фота: belsat.eu

Таксама журналісцкая супольнасць Украіны звяртаецца да ўладаў Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем вызваліць з-пад арышту калег і палітычных зняволеных.

«Мы сёння сумесна з вялікім тэлеканалам Белсат, які вядзе вяшчанне на Беларусь. Іх журналісты і супрацоўнікі сёння, на жаль, у «антырэйтынгу» маніторынгу збівання і перашкодаў лідзіруюць. Таму мы і праводзім круглы стол міжнароднай салідарнасці з беларускімі журналістамі. Мы гэта робім пад эгідай Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, прафсаюзу журналістаў Польшчы, незалежнай беларускай асацыяцыі. Мы транслюем гэты сігнал у першую чаргу беларускім уладам, каб яны вызвалілі затрыманых і арыштаваных нашых беларускіх калегаў. Гэта наша ключовае патрабаванне», – дадаў Сяргей Таміленка.

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

ОР/МГ/ІР belsat.eu

Стужка навінаў