«Ёсць магчымасць зламаць лёд». Статкевіч заклікаў на мітынгі ў нядзелю

Мікола Статкевіч анансаваў правядзенне вялікіх легальных мітынгаў-пікетыў ва ўсіх абласных цэнтрах і сталіцы ў нядзелю, 31 траўня.

Свой зварот ён апублікаваў у тэлеграм-канале «Народнай Грамады». Палітык заклікаў грамадзянаў «сабрацца разам, сказаць пра свае праблемы і пра тое, што Беларусь жывая».

«Лукашэнка замарозіў нашу краіну. Яна пакрытая лёдам. І пад гэтым лёдам гіне ўсё, што паспела прарасці ў пачатку 90-х нацыянальнага, беларускага, гістарычнага, нашага. Зараз ёсць унікальная магчымасць зламаць гэты лёд над Беларуссю, каб беларускаму стала лягчэй дыхаць», – напісаў ён.

Вядома, што ў Менску пікет пройдзе ля Камароўскага рынку, у астатніх гарадах месцы збору будуць агучаныя дадаткова. Пачнуцца пікеты-мітынгі а 12.00.

Нагадаем, увесь апошні тыдзень у розных гарадах Беларусі праходзілі пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, ладзіў іх блогер Сяргей Ціханоўскі. Кожны раз чэргі ахвотных падпісацца расцягваліся на сотні метраў. Раней Статкевіч і Ціханоўскі заявілі, што аб’яднаюць намаганні сваіх камандаў падчас выбарчай кампаніі.

Сотні метраў чаргі ды гадзіны чакання. У Менску збіралі подпісы патэнцыйныя кандыдаты на прэзідэнцтва. ВІДЭА

КА belsat.eu

Hавiны