«Ёсць каровы-неахайніцы» – у калгасе «Паршына» пракаментавалі страшныя здымкі кароваў


«Белсат» з’ездзіў на ферму, шакавальныя здымкі з якой абляцелі сацсеткі.

На малочнатаварным комплексе ў вёсцы Паршына, што на Магілёўшчыне, – больш за дзясятак кароўнікаў. З самага ранку большасць статку ўжо ў летнім загоне: хто пасвіцца, хто проста ляжыць. Уважліва прыглядаемся, ці жывыя тыя каровы, якія паляглі. Бо ўчора ў інстаграм-акаўнце «Тыповая Ворша» выклалі страшныя фотаздымкі дохлых кароваў за подпісам «Ці спыніць бязмежжа Хмуровіч Яўген Арцёмавіч, старшыня малочнатаварнага комплексу «Паршына», як бы намякаючы, што ў МТК брудныя каровы – гэта яшчэ не самае горшае.

Асцярожна: па спасылцы – шакуючыя здымкі.

Мы вырашылі спраўдзіць, што насамрэч адбываецца на малочнатаварным комплексе ў вёсцы Паршына, і адправіліся ў Горацкі раён Магілёўскай вобласці. Комплекс належыць рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству «Вучэбная гаспадарка Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі».

У вёсцы Паршына знаходзіцца аднайменны малачнотаварны комплекс.
Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Пракаментаваць сітуацыю са скандальнымі здымкамі мёртвых кароваў нам пагадзіўся намеснік дырэктара прадпрыемства Ігар Галушкоў:

«Гэтыя фотаздымкі былі зробленыя яшчэ месяц таму. Мы толькі часткова змаглі пацвердзіць прыналежнасць здымкаў да Паршына. Шэсць цялятак, у якіх на фотаздымку можна разгледзець біркі, яны нашыя. Сапраўды, у нас было 4 мёртванароджаных цяля і яшчэ 2 нарадзілася з фізічнымі адхіленнямі. Яны спачатку ўтрымліваліся ў адмысловым памяшканні, а пасля мы іх вывезлі на скотамагільнік».

Комплекс належыць прадпрыемству «Вучгас БДСГА».
Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Паводле Ігара Галушкова, сітуацыя на ферме штатная, проста нехта з працаўнікоў захацеў раздзьмуць з мухі слана.

«Нормы ў падзяжы ёсць ува ўсіх, і нашая гаспадарка ў гэтыя нормы ўкладаецца, – сказаў Ігар Галушкоў. На ягоную думку, МТК «Паршына» цяпер нельга назваць перадавіком вытворчасці, але яны стараюцца, працуюць, як могуць. На сённяшні дзень пагалоўе гаспадаркі складае 4 300 кароваў.

Каровы малочнатаварнай гаспадаркі «Паршына».
Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Людзі баяцца казаць праўду?

«Чаму некаторыя каровы ў гнаі? Такое бывае. Проста як людзі ёсць неахайныя, гэтак і каровы. Мы пабудавалі некалькі фермаў з лежакамі, нават калі сена ёсць, не кожная карова туды ідзе». «Ці галодныя каровы? Дык вакол адныя пашы, як каровы ўлетку могуць быць галодныя? Вядома, не. Паглядзіце, яны ж наўпрост цяпер ядуць!» – кажа Ігар Галушкоў.

Некаторыя каровы «Паршына» пасвіліся самастойна.
Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Працаўнікі фермы нам таксама пацвердзілі, што здымкі, апублікаваныя ў інстаграм-акаўнце «Тыповая Ворша», былі зробленыя яшчэ месяц таму.

«Адным мясцовым працаўніком, які змагаецца за нас усіх, але мы не ведаем, хто гэта, ён хаваецца за псеўданімам», – сказалі жанчыны, якія вярталіся з фермы дадому.

Статак на пашы.
Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

На думку былых працаўнікоў фермы, якія цяпер на пенсіі, людзі проста баяцца казаць праўду і шукаюць любыя шляхі, каб зрабіць гэта ананімна.

Жанчына, якая 15 гадоў працавала цялятніцай у Паршына, тлумачыць:

«Раней за адное цяля біліся. Я магла ўначы ўстаць і пайсці глядзець яго. А цяпер на ферму прыйшлі маладыя, ім усё роўна. І кіраўніцтва змянілася, так не сочыць за парадкам, як сачылі раней. Да таго, якія там заробкі цяпер, ці ты будзеш так бегаць і старацца за тыя заробкі?» – задае рытарычнае пытанне жанчына. А ейны сябар падказвае: «Па 3 млн зарабляюць».

Карова ў комплексе «Паршына».
Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

«Вы не маеце права тут быць!»

Самім нам спраўдзіць стан кароваў на ферме не ўдалося, бо туды могуць трапіць толькі працаўнікі або асобы з дазволам. Нам такога дазволу ніхто не даў. Хоць дарога з боку Дрыбіна вядзе наўпрост да кароўнікаў, ніякіх агароджаў, таблічак або іншых знакаў, якія могуць спыніць падарожніка, няма.

Фермы ў Паршына.
Фота: Вольга Васільева / «Белсат»

Так мы і апынуліся побач з кароўнікам. І літаральна праз адну хвіліну пасля нашага там зʼяўлення распачаўся скандал:

«Вы не маеце права тут быць!» – крыкнула з-за спіны жанчына і выхапіла з маіх рук мой мабільны тэлефон.

Хто была гэтая жанчына – мы так і не высветлілі, але разам з ёй прыйшоў і старшыня комплексу Яўген Хмуровіч. Ён падзяжу кароваў не стаў каментаваць, а толькі папрасіў нас выйсці па-за межы тэрыторыі комплексу.

Вольга Васільева, фота аўтара belsat.eu

Стужка навінаў