Ён выдасць нам парабелум

Фантазія ў дзяржаўных прапагандыстаў усё часцей пачынае зашкальваць да ўзроўню «трыццаць тысячаў адных кур’ераў», калі, вядома, яны чыталі вялікага сына ўкраінскай зямлі Міколу Гогаля. Спачатку кіраўніку краіны ўклалі ў вусны выраз пра гатовасць узброіць кожнага выбарніка аўтаматам, цяпер – кожную сямʼю – дзяржаўным сцягам.

Гаворка ідзе пра фантастычныя праекты. Сем з паловаю мільёнаў аўтаматаў трэба было б вырабіць, ды яшчэ і захоўваць. Дзе? На якія грошы? У Белтэлерадыёкампаніі і Службы бяспекі прэзідэнта, ці што, апошняе адбяруць? Тыя, вядома, аддадуць з радасцю, толькі шэптам скажуць, гледзячы ў падлогу:

– Спадарства, вы ж звяры…

Сапраўды. Бо так не па-чалавечы.

Але я цяпер не пра гэта. Гэта значыць, не пра грошы. Я цяпер пра аднаўленне маніі беларускай дзяржавы да гіганцкіх праектаў. Памятаеце?

– Мы пабудуем самую вялікую нацыянальную бібліятэку…

Фота https://www.houstoniamag.com

Пабудавалі. Дзякуй. А навошта? Не, мяне якраз вось менавіта гэты праект задавальняе. Але мяне і стары будынак задавальняў – толькі б рамонт зрабілі ды тэхніку мадэрнізавалі. А астатнім яна дакладна патрэбная, вы ўпэўненыя?

– У кожным абласным цэнтры – лядовы палац!..

Ну, і што? Дзе вынікі? Як там Чабурашка казаў: «Мы будавалі, будавалі, нарэшце пабудавалі, ура нам!»

– Дзяржава не можа існаваць без самай сучаснай у свеце атамнай станцыі!

Цяпер кіраўнік дзяржавы кажа, яму да гэтага часу не патлумачылі, што з ёю рабіць і каму прадаваць выпрацаваную на ёй электраэнергію.

Увогуле, гігантаманія навідавоку. Толькі цяпер яна спусцілася на ўзровень цалкам прыземлены, калі браць даводзіцца ўжо не ўменнем, а лікам. Кожнаму, нагадаю, выбарніку – па аўтамаце, кожнай, прабачце, сямʼі – па дзяржаўным сцягу. Выглядае танней, чымся раней, але затое адчувальна: не ўвогуле дзяржаве, не наагул народу як такому, а ўжо кожнаму. Гэта і ёсць сацыяльная справядлівасць. Мяркуючы з усяго, яна, родная. Прычым танней, чымся праграма «па пяцьсот»: там трэба на працягу года выплачваць, як мінімум, пакуль сусветная канʼюнктура не абрыне чарговага ўзроўню коштаў на нафту або на газ у нашых суседзяў, а тут, так бы мовіць, разавая выплата, адкладзеная ў часе. Гэта значыць, сцяжок у зубы можна і адразу (ужо падлічылі, што абыдзецца не больш за 200 тысяч долараў, а такія грошы ў прэзідэнцкім фондзе дакладна ёсць), а ўжо аўтамат – потым, як-небудзь, калі моцна прыцісне, і тое, зразумела, шмат хто адмовіцца, але плакаць, як мы ўжо чулі, ніхто не будзе…

Лядовы палац у Шклове. Фота http://rossport.org/

Да чаго ўсё гэта?

Да таго, што сацыяльных пытанняў на парадку дня на будучых прэзідэнцкіх выбарах зноў не будуць абмяркоўваць. Ужо ў 2015 годзе абышліся без іх, схаваўшыся за спіну братняга ўкраінскага народу:

– Хочаце, каб як у іх? Ах, не жадаеце? Тады нічога не прасіце.

І не прасілі. Чаго тут граху таіць, спалох у выбарнікаў быў моцны.

Цяпер, мяркуючы з асартыменту, эксплуатаваць будуць тэму патрыятызму. Адно да другога ўкладваецца.

– Моладзь, не маеце права пакідаць краіну!

– Раздайце ім дзяржаўныя сцягі ў асартыменце! Хай пранікнуцца!

Не прасякнуліся? Тады ведайце: калі заўтра вайна, калі заўтра ў паход, калі чорныя хмары наляцяць – ён выдасць вам парабелум. Вы ж хочаце пастраляць, праўда? Праўду кажаце? У сэнсе кажаце праўду, маць вашу!.. Вось. Хочаце пастраляць. Тады трэнуйцеся на апазіцыі. Яна далей за Курапаты ўсё роўна не ўцячэ.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў