«Ён уяўляў сабе, як мяне караць, – так і рабіў». З заўтра 16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту


Заўтра, 25 лістапада, у «Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын», стартуе міжнародная кампанія «16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту». Кампанія скончыцца 10 снежня, у «Дзень аховы правоў чалавека».

Каляндар імпрэзаў на ўсе 16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту можна паглядзець тут. Адной з падзеяў будзе запуск інтэрактыўнай мапы гвалту ў Беларусі, якая створаная грамадскім аб’яднаннем «Радзіслава». Любая жанчына зможа адзначыць на мапе свой траўматычны досвед, звязаны з гендарных гвалтам, атрымаць інфармацыю аб дапамозе, онлайн-кансультацыю, дапамагчы іншым сваёй гісторыяй. Ананімна, канфідэнцыйна і бясплатна. Рэсурс створаны для таго, каб зрабіць праблемы гвалту ў адносінах да жанчын і дзяцей у Беларусі бачнымі ды аказаць дапамогу пацярпелым.

«Пачаўся сексуальны гвалт. Ён уяўляў сабе, як мяне караць, – так і рабіў. Цягам усёй зімы. У любы час. Дзеці спяць ці не – яго не хвалявала. Заўсёды ў вычварэнскай форме. Заўсёды дадаваў: так вам, б…, і трэба. Часам здавалася, што кожную ноч па тры-чатыры разы…»

Гвалт у адносінах да жанчын і – адное з найбольш шырока распаўсюджаных, цяжка ліквідаваных злачынстваў, якое вядзе да катастрафічных наступстваў. Гендарны гвалт праяўляецца ў фізічнай, сексуальнай і псіхалагічнай формах.

«Мы былі яго ўласнасцю. У яго праслізгвала гэтае: Ты жанчына, ты павінная рабіць тое і тое».

Напярэдадні старту Міжнароднай кампаніі для нашае краіны былі апублікаваныя рэкамендацыі Камітэту ААН для ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW). Рэкамендацыі кажуць пра тое, што дзяржава прымае недастаткова захадаў для забеспячэння гендарнай роўнасці ў Беларусі. Такія высновы зрабілі па выніках спавешчанняў ураду і альтэрнатыўных дакладаў аб стане ды абароне правоў жанчын у Беларусі.

Актывісткі патрабуюць спыніць гвалт у адносінах да жанчын і гарантаваць права на спароны. Мексіка 2018. Фота EFE/Hilda Rios

Дэкларацыю аб ліквідацыі гвалту ў адносінах да жанчын прынялі ў 1993 годзе, яна вызначае тэрмін «гвалт у адносінах да жанчын» як «любы акт гвалту, зроблены на падставе прыкметы полу, які наносіць ці можа нанесці фізічную, палавую або псіхалагічную шкоду або пакуты жанчынам, а таксама пагрозы здзяйснення такіх актаў, прымус ці адвольнае пазбаўленне волі, будзь тое ў грамадскай ці асабістым жыцці».

Акцыя супраць сексуальнага гвалту. Парыж, верасень 2018-га. Фота REUTERS/Benoit Tessier

Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын усталявала Генеральная асамблея ААН у 2000 годзе. Дата абраная ў памяць аб сёстрах Мірабаль, забітых у Дамініканскай Рэспубліцы 25 лістапада 1960 года.

ЛП, belsat.eu

Стужка навінаў