«Ён прасіў: «Ратуйце!» Памёр 22-гадовы студэнт Акадэміі музыкі, у яго быў каронавірус


Раніцай 25 лістапада памёр студэнт трэцяга курсу Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Арцём Казлоў. Ён родам з Віцебску. Апошні тыдзень знаходзіўся з каронавірусам у ізалятары БНТУ. Уначы яму стала дрэнна, выклікалі хуткую дапамогу, але дактары не змаглі выратаваць хлопца, паведамляе «Наша ніва».

Сваякі пакуль што не ведаюць, што здарылася з хлопцам. Ён хварэў на каронавірус, але быў малады, а маладыя звычайна пераносяць хваробу больш лёгка.

«Я не разумею, чаму ў акадэміі яшчэ не ўвялі дыстанцыйнае навучанне – вясной было, а цяпер чамусьці не. Арцём хварэў недзе два тыдні. Яму зрабілі тэст, дакладна была «карона», таму перавялі ў інтэрнат БНТУ. Я апошні раз гаварыў з ім у нядзелю, Арцём казаў, што адчувае сябе «не вельмі». І па голасе было чуваць, што бывае і лепш – шмат маіх сяброў пераносілі хваробу лягчэй, чым ён, – распавёў «Нашай Ніве» Уладзімір, блізкі сябра Арцёма Казлова. – У нас да апошняга закрываюць вочы на «карону». Асабліва калі чалавек малады, тады лічыцца, што лёгка перанясуць і што ўсіх маладых можна проста адправіць у адно месца, як і было з Арцёмам. Як лепш рабіць у такіх выпадках, я не ведаю, але ведаю, што так рабіць дакладна было нельга».

25 лістапада а 4-й раніцы яго сусед па пакоі пачуў, што Арцёму стала дрэнна, спытаўся, чым яму дапамагчы. У Арцёма ў гэты момант была цяжкая задышка, пайшла пена з рота.

Хлопцы выклікалі хуткую, дактары зрабілі Арцёму ўкол. Сусед па пакоі дапамагаў трымаць Арцёма, таму што яго вельмі трэсла. Пасля ўколу Арцёму стала нібыта лягчэй, але потым лекары паклалі яго на падлогу, а хлопцаў-суседзяў папрасілі выйсці з пакоя. Па ўсёй верагоднасці, дактары пачалі праводзіць рэанімацыю.

Аб’ектыў
95 % заяўленая эфектыўнасць вакцынаў: калі агульная вакцынацыя?
2020.11.18 23:03

Яшчэ каля гадзіны яны змагаліся за яго жыццё. Арцём увесь гэты час прасіў: «Ратуйце!»

У 05:15 пра смерць паведамілі каменданту ўніверсітэту. Прыехала міліцыя, канфіскавалі ноўтбук Арцёма. Пакой, у якім ён жыў у свае апошнія дні, апячаталі.

Арцём вучыўся на трэцім курсе па спецыяльнасці «баян і акардыён». Ён з дзяцінства захапляўся музыкай, хадзіў у музычную школу, удзельнічаў у конкурсах, скончыў Віцебскі музычны каледж у 2018 годзе і адразу паступіў у Акадэмію музыкі ў Менску.

Даведка
За апошнія содні ў краіне зарэгістравана 1496 захворванняў каронавірусам. Выпісаныя 1617 чалавек. Сем чалавек памерлі (за ўвесь перыяд 1119 пацыентаў), згодна з афіцыйнымі дадзенымі Мінздароўя.

«У мінулым годзе, калі перайшоў на другі курс, ён уладкаваўся на працу акампаніятара ў дзіцячы цэнтр, граў дзеткам, калі яны развучвалі танцы і песні. Ён заўсёды дапамагаў, калі да яго звярталіся па дапамогу, у яго было вельмі шмат добрых знаёмых, сяброў. Ён быў выдатным чалавекам, вечна жартаваў з намі», – згадвае Арцёма жонка яго брата.

Стужка навінаў