Ён піша самыя смешныя і кранальныя песні пра беларусаў. Прэм’ера на «Белсаце»


Віктар Шалкевіч у студыі праграмы «Belsat Music Live». Фота belsat.eu

«Ух ты! Якія цвёрдыя прыгожыя грудзі!» – гаворыць Віктар Шалкевіч, прыабдымаючы пасля канцэрту адну з аматарак ягонай творчасці. Яны разам пазуюць для фотаздымку. Ад эксцэнтрычнага гумару барда і актора шмат хто ўпадае ў ступар. Але прыхільнікаў у музыкі ад гэтага не менее.

У дакументальным фільме «Я вяртаўся дадому», які зняла пра Шалкевіча для «Белсату» Вольга Дашук, такіх неадназначных, інтымных і адначасова смешных эпізодаў мноства. Як і глыбокага роздуму.

У фільме Вольгі Дашук «Я вяртаўся дадому» Віктар Шалкевіч распавядае пра свае ваколіцы і мроі. Прастора першая. Светлы пакой. Комін. Джазавая плытка. І фотаздымкі бацькоў на палічцы. Віктар сочыць за агнём і распавядае пра свайго дзеда Станіслава, захаванага на стужцы недзе ў ваколіцах Нью-Ёрку. А вось на сцяне партрэт Стэфана Баторыя. А вось лялька, якая мае рысы спадара Віктара. Чарачка наліўкі і лустачка хлеба. Герой каштуе ўсё з вялікай асалодай. І нарэшце бярэ гітару ў рукі. Простыя рэчы і асабістая гісторыя. А далей – дарога, у якую выпраўляецца бард.

Віктар Шалкевіч у студыі праграмы «Belsat Music Live». Фота belsat.eu

36-хвілінная стужка вядомай беларускай дакументалісткі Вольгі Дашук «Я вяртаўся дадому» пачынаецца з лёгкага скетчу, накіду галоўнага персанажа, асобы даволі вядомай ды нават культавай – музыкі Віктара Шалкевіча.

Актор, шоумен, вядоўца аўкцыёнаў, паэт, аўтар дзевяці музычных альбомаў, кавалер міжнароднага Ордэну ўсмешкі (ім узнагароджаныя таксама Ян Павал II, Астрыд Ліндгрэн і Стывэн Спілбэрг), лаўрэат шматлікіх конкурсаў аўтарскай песні – дык хто ж ён такі, гэты шматгранны Шалкевіч?

Для рэжысёраў зрабіць фільм пра музыку – гэта заўжды ў пэўным сэнсе зрабіць выбар паміж вядомым у асобе і тым, што не адкрыта звычайнаму слухачу. Якую іпастась спадара Віктара вылучыць? Якую інтанацыю расповеду абраць? Вольга Дашук, развязваючы гэтую дылему, рушыць у прастору ёй вядомую і блізкую – у прастору мадэрнавай Беларусі.

«Палешукі казалі: о, літвыны прыйшлі. Беларусы не самая лепшая назва для тых людзей, што тут жывуць», – дзеліцца думкамі музыка ўжо ў машыне, якая вязе яго на канцэрт. За вокнамі – беларускія палі і сціплыя вясковыя хаткі, дрэвы без лістоты, праехалі цэркаўку… Вось герой паўстае перад намі ўжо не ў прыватным атачэнні, а ў прасторы роднага краю.

Віктар Шалкевіч. Фота belsat.eu

«Правінцыя… Васілёк на мяжы. Самотнай знічкі агеньчык нясмелы, – гучыць знакамітая кампазіцыя Віктара Шалкевіча. – Не сціхае, баліць тваё брыдкае, тваё цёмнае цела». Час – тут і цяпер. Месца – беларуская правінцыя. «Цела» гэтай правінцыі паўстае перад намі ўжо не толькі ў песні, але і наяве.

Як твары правінцыйных слухачоў, што прыйшлі на канцэрты музыкі. Спадар Віктар выступае ў камерных залах установаў культуры, кавярнях, дзе разгледзець людзей няцяжка (аператары – Віктар Аслюк і Анатоль Казазаеў). Больш старэйшага веку, чым маладых – яны ўважліва ўслухоўваюцца ў тэксты песень і, здаецца, не могуць паверыць сваім вушам. Надта ўсё шчыра і дасціпна, востра ды вобразна.

Культурныя коды Віктара Шалкевіча – гэта міжваенныя і пасляваенныя часы тутэйшага краю, безумоўна, і сучаснасць. Балады, танга, блюзы… Жанчыны ўрэшце заўсміхаюцца, слухаючы «Ганку, дзеўку з Пагулянкі», а той-сёй мужчына ўздыме бровы падчас «Блюзу пра два народы». Перад намі будні артыста, які выступае і перад нешматлікай публікай у часы пандэміі, і перад вялікай залай, якая таксама ўзнікне ў фільме.

Віктар Шалкевіч. Фота belsat.eu

Спадар Віктар жартуе і дзеліцца гісторыямі. Але за гэтым вонкавым планам з’яўляецца яшчэ адзін. На адным з прыпынкаў падчас гастроляў – у Міры – мы ўбачым кадры з маладым Віктарам у касцюме караля, які шпацыруе па галерэі старога замку. Рэжысёрка дае нам магчымасць пазнаёміцца з Віктарам Шалкевічам як з кінаакторам – гэта невялікі ўрывак з фільму Віктара Дашука «Салодкі яд кахання» (1996). Але важны тут не парад здольнасцяў, а прарыў у мінулае. Віктар Шалкевіч як праваднік той самай Беларусі, водбліск якой сёння так складана адшукаць у яе стомленым абліччы «напаўвёскі-напаўмястэчка». Вандроўка музыкі разварочваецца ўжо не толькі ў геаграфічнай адлегласці, але ў часавай.

У часе выканання кампазіцыі «Кароткая гісторыя Беларусі» «правальваемся» ў яшчэ адно кіно – у дэбютную стужку Віктара Аслюка «Слёзы блуднага сына» (1995).

36-гадовы Віктар у галоўнай ролі літаральна разыгрывае перад намі сваю песню: яго, закаванага ў кайданкі, па чарзе расстрэльваюць усе роды войскаў – ад французаў да немцаў. Адзначым, што беспаспяхова.

Але дазволю сабе зрабіць выснову: Вольгу Дашук у творчасці галоўнага барда краіны цікавіць ды захапляе яго вольнае існаванне ў беларускай гісторыі, беларускі дух. Можна сказаць, што абіраючы паміж формай і зместам ягоных песень, аўтарка ставіць на другое. І развівае гэтую тэму.

Невыпадкова ў кіно зʼяўляецца яшчэ адна прастора – прастора вяртання. Кульмінацыяй стужкі становіцца наведванне героем роднай вёскі Поразава. Ад яе мала што засталося, як і ад хатаў, дзе жыла сямʼя спадара Віктара. Але цікавае тут адчуванне настрою і той давернай інтанацыі, з якой музыка распавядае пра сваіх бацькоў і аднасяльчанаў. «Практычна сабраліся ўсе людзі з Поразава. От тут яны стаялі», – кажа музыка, узнаўляючы сцэну з фільму Віктара Аслюка на могілках. Склейка – і вось мы бачым тую самую сцэну, твары поразаўцаў, якія гуртуюцца разам на галоўнай алеі. Нават не верыцца, што ў вёсцы жыло столькі людзей: амаль усе яны глядзяць проста ў камеру, па сутнасці, зазіраючы ў будучыню. Але ў жывых сёння мала хто застаўся…

Віктар Шалкевіч. Фота belsat.eu

Віктар Шалкевіч як вечны вандроўнік, што блукае па дарогах і часах Вялікага Княства, Заходняй Беларусі, Рэспублікі Беларусь… Звяртаючыся да назвы карціны, ці ўдалося яму вярнуцца дадому – у Беларусь ягоных мрояў? Мінулае, цяпершчына і будучыня – усе прасторы фільму злучыліся ў адну, каб падказаць: Віктар Шалкевіч па-ранейшаму ў руху.

Музыка едзе. Праз палі і вёскі, у невялічкім аўце, ён едзе да свайго слухача. І не толькі да яго. Дарога – скразны матыў дакументальнай стужкі Вольгі Дашук – становіцца для героя і парталам ва ўласнае мінулае. Віктар Шалкевіч выпраўляецца не толькі ў Past Perfect і Present Continuous Беларусі, але і ў падарожжа да самога сябе.

Стужка навінаў