Ён перанёс каронавірус. І мог ляжаць у труне

Аляксандр
Фядута
паліткансультант

Заява Аляксандра Лукашэнкі аб бессімптомна перанесенай каронавірусе нагадала мне адну старую гісторыю.

6 кастрычніка 1997 года на лесвічнай пляцоўцы каля сваёй кватэры быў узарваны Яўген Мікалуцкі – дэпутат Палаты прадстаўнікоў першага склікання і старшыня Магілёўскага абласнога камітэту дзяржаўнага кантролю.

Гэта трагічная падзея выклікала бурны рэзананс кіраўніка дзяржавы. ТУТ.БАЙ цытуе газету «Рэспубліка», перадае словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя на пахаванні Яўгена Пятровіча:

«Ніхто з нас не думаў, што падставай для сённяшняй сустрэчы стане гнюснае, свалачное забойства. Злачынцы доўга падбіраліся да прэзідэнта – не атрымалася. Вырашылі пачаць з людзей, якія былі побач з ім, якія заўсёды выконвалі яго волю. Я разумею, што гэта выклік. Ён кінуты. Тут, на магілёўскай зямлі, хачу гэтай нечысці абвясціць, што прымаю яе выклік».

І ў іншым месцы, але на тую ж тэму (цытую ўжо «Народную Волю»):

«Паралельна справе, звязанай з забойствам Яўгена Мікалуцкага, распачата каля 60 крымінальных справаў. Напэўна рана казаць, але жыццё прэзідэнта вісела на валаску…»

Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці паліклінікі ў Гомелі. Фота: president.gov.by Фота: president.gov.by

Гэта значыць, са сказанага вынікала, што падарваны кіраўнік абласнога дзяржкантролю калі і не закрыў прэзідэнта сваім целам, то, ва ўсякім выпадку, прыняў удар на сябе. Нешта накшталт:

– На яго месцы павінен быў быць я.

Памятаеце адпаведнае выказванне вядомага Сямёна Сямёнавіча Гарбункова? І адказ міліцыі?

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

У дадзеным жа выпадку міліцыя так і не дала адказ на два пытанні: Хто быў заказчыкам і хто стаў выканаўцам дадзенага злачынства. Кандыдатуры міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіля Лявонава і кіраўніка калгаса «Рассвет» двойчы Героя працы Васіля Старавойтава фігуравалі ў адным з намёкаў усё таго ж прэзідэнта: маўляў, нябожчык як раз пачаў займацца карупцыяй у «Рассвете». Але ніякіх доказаў прыведзена (як і ў шмат якіх іншых выпадках) не было, а меркаваных выканаўцаў прызналі вінаватымі ў бандытызме – але зусім не ў забойстве Мікалуцкага.

І ўжо тым больш не знайшлі нікога, хто рабіў замах на жыццё самога Аляксандра Рыгоравіча, з-за чаго сітуацыя выглядала і зусім камічна: чалавек на пахаванні пазайздросціў нябожчыку, які знаходзіўся ў цэнтры ўвагі тых, хто сабраўся, і даў зразумець, што на яго месцы павінен быў быць ён. Не нябожчык. Жывы.

Сказаць прэзідэнту аб непрыстойнасці падобных паводзінаў ніхто не адважыўся.

Прыкладна тая ж гісторыя і з каронавірусам. У нас тут і губернатар перахварэў, і частка вінаватых у спадарожных захворваннях паўстала перад Усявышнім, і нават экс-суіскальнік прэзідэнцкага мандата абвясціў, што яму, у сувязі з інфікаваннем, здрадзіў палітычны нюх (на шчасце, мяркуючы па ўсім, апошні дыягназ не пацвердзіўся). А вось Аляксандра Рыгоравіча ніякая халера дагэтуль не брала. Але цяпер – узяла! І ён зноў апынуўся ў Цэнтры народнай сімпатыі і патрабуе сабе такім чынам спачування.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Спачування чыйго? Лекараў, якім не хапала антысептыкаў, масак і пальчатак? Медсясцёр і фельчараў, якія ўкалвалі ў некалькі зменаў, але далёка не ўсе ахопленыя падвышанай заработнай платай? Дзяцей памерлых, якія адчулі сябе абражанымі заявамі кіраўніка дзяржавы аб тым, што іх бацькі – самі вінаватыя? Ці прадстаўнікоў прыватнага сектара эканомікі, кінутых на самавольства лёсу з іх праблемамі, якія выкліканыя неабвешчаным, але тым не менш вельмі адчувальным каранцінам (прабачце – самаізаляцыяй)?

Фраза, укладзеная ў вусны кіраўніка дзяржавы ў той момант, калі вельмі многія людзі нават з яго ўласнага электарату занадта добра памятаюць, як дзяржаўныя медыі адмаўлялі агмяні каронавіруснай інфекцыі ў малых і сярэдніх гарадах, а сам прэзідэнт хітра пытаўся журналістку: маўляў, ты вірус бачыла? – маючы на ўвазе, што раз ні ён, ні яна віруса не бачылі, то, стала быць, яго няма, выклікае прама супрацьлеглы эфект. У дакладнасці, як у сюжэце з Сямён Сямёнычам Гарбунковым. Памятаеце, што адказалі яму міліцыянты з нагоды заявы аб месцы, на якім павінен быў знаходзіцца ён? Вось менавіта па гэтай жа мадэлі, успрыняўшы сказанае Аляксандрам Рыгоравічам як піяр-тэхналагічную заяўку на спачуванне ў сувязі з каронавірусам, хочацца адказаць:

Памрэш – паспачуваем.

Як гаворыцца, з песні слова не выкінеш.

Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў