«Ён па-ранейшаму актуальны». Як камуністы святкавалі 140-ю гадавіну Сталіна


Чальцы Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) 21 снежня ўсклалі кветкі да помніка Сталіну на «Лініі Сталіна» пад Менскам.

Там жа камуністы зладзілі мітынг, падчас якога хвалілі палітыку Сталіна і «унікальныя рэформы», нібыта праведзеныя ім у гады кіраўніцтва Савецкім саюзам.

На думку сучасных сталіністаў, палітык «за трыццаць гадоў кіравання ні разу не кінуў каменя ў бок сваіх папярэднікаў». Гэта з’яўляецца няпраўдай, бо Сталін яшчэ да «вялікага тэрору» 30-х пачаў рэпрэсіі супраць паслядоўнікаў Троцкага. У КПБ таксама сцвярджаюць, што, дзякуючы Сталіну, краіна пабудавала дзевяць тысяч прадпрыемстваў. Праўда, забываюць дадаць: рабілася гэта збольшага рукамі вязняў ГУЛАГу, якія часта гінулі на «будоўлях стагоддзя».

«Сёння І.В. Сталін па-ранейшаму актуальны: трэба ўзяць у спадчыну унікальныя рэформы ленінска-сталінскай мадэрнізацыі і надзвычайны вопыт кітайскіх камуністаў, якія за семдзесят гадоў адсталую краіну ператварылі ў перадавую дзяржаву свету», – кажуць сябры КПБ.

Адметна, што на фота з ускладання кветак можна ўбачыць не толькі людзей сталага веку, але і моладзь. Хтосьці з удзельнікаў нават прывёў з сабой дзіця.

Паводле дадзеных праваабарончай арганізацыі «Мемарыял», ад сталінскіх рэпрэсіяў у перыяд з другой паловы 1920-х да смерці Сталіна на пачатку 1950-х пацярпелі ад 10-12 да 38 мільёнаў чалавек уключна з асуджанымі па палітычных матывах і змешчанымі ў лагеры, расстралянымі, дэпартаванымі, раскулачанымі і загінулымі ад голаду.

Што да Беларусі, то толькі ў Курапатах былі расстраляныя, паводле розных ацэнак, да 250 тысяч чалавек, збольшага інтэлігенцыя – пісьменнікі, паэты, грамадскія дзеячы.

Аб’ектыў
82 гады дзяржава не ўшаноўвае памяць расстраляных паэтаў
2019.10.29 21:36

Дакладных звестак пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі няма, бо архівы КДБ дагэтуль закрытыя.

КА belsat.eu

Стужка навінаў