«Ён называе Расею ворагам». За каго галасуюць украінцы ў Менску – рэпартаж

Рэпартаж

Украінскія выбарнікі ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Вынікі выбараў не пагоршаць стасункаў паміж Беларуссю і Украінай. Пра гэта амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім заявіў падчас размовы з журналістамі на выбарчым участку ў Менску. Карэспандэнты Belsat.eu наведалі амбасаду і паглядзелі, як галасуюць украінцы.

«Добрий день! У вас номерочок чи запрошення?» – чуваць на ўваходзе дзіцячы голас.

Гэта дзевяцігадовы валанцёр дапамагае выбарнікам зарыентавацца на ўчастку. Дзмітро Ігаравіч, як яго называюць чальцы выбарчай камісіі, – сын кіроўцы ўкраінскай амбасады. Ад пачатку выбараў ён дапамагае ў арганізацыі галасавання.

Дзмітро Ігаравіч, як яго называюць чальцы выбарчай камісіі, – сын кіроўцы ўкраінскай амбасады. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Наклеіць маркі ўручную на 7 тысячаў капэртаў

Каб пазбегнуць вялікіх чэргаў на выбарчым участку, на ўваходзе ў амбасаду супрацоўнікі дзеляць людзей: частка ідзе ў консульскі аддзел, частка адразу на ўчастак.

Другі тур выбараў прэзідэнта Украіны. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

І там, і там людзям выдаюць нумары для галасавання, пасля чаго яны накіроўваюцца ў кабінкі. Дзмітро Ігаравіч ветліва падказвае, куды ісці.

«Ён вельмі хацеў дапамагаць, – расказвае старшыня выбарчай камісіі Аксана Урублеўская, – калі мы адсылалі запрашэнні (уявіце сабе, нам трэба было больш за 7 тысяч запрашэнняў даслаць), дык ён наклейваў маркі на капэрты уручную».

Галасаваць прыходзяць цэлымі семʼямі. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu
Украінскія выбарнікі ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

«Галасавалі за Зяленскага, бо хочацца перамен у жыцці»

Агулам на выбарчым участку зарэгістравана больш за 7 тысяч чалавек. За тры тыдні (з моманту правядзення першага туру выбараў) колькасць выбарнікаў павялічылася больш чым на 100 чалавек.

«Каб прагаласаваць, трэба стаяць на консульскім уліку. Дзеля гэтага неабходна мець пашпарт, замежны пашпарт і напісаць адпаведную заяву», – тлумачыць Аксана Урублеўская.

Старшыня выбарчай камісіі Аксана Урублеўская. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Як і пад час першага туру ўкраінскіх выбараў на ўчастку шматлюдна. Чальцы выбарчай камісіі, выбарнікі і супрацоўнікі амбасады ахвотна размаўляюць з журналістамі.

«Галасавалі за Зяленскага, бо хочацца зменаў у жыцці», – самы папулярны адказ украінцаў, што прыйшлі сёння прагаласаваць у Менску.

На сталах стаяць цукеркі для выбарнікаў. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu
Украінскія выбарнікі ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

«Галасаваў за Парашэнку, таму што ён называе Расею ворагам»

Шмат людзей прыходзяць з украінскай нацыянальнай сімволікай і ў вышыванках. Адзін з такіх выбарнікаў, Алег са Львова ўжо 7 год жыве ў Беларусі.

«Я галасаваў за Парашэнку, таму што ён называе Расею ворагам, таму што ён дамогся за пяць год вынікаў у вонкавай палітыцы, напрыклад, бязвізу, зменаў у эканоміцы, ВУП расце», – дзеліцца сваймі поглядамі маладзён.

Алег са Львова: «Я галасаваў за Парашэнку, таму што ён называе Расею ворагам, таму што ён дамогся за пяць год вынікаў у вонкавай палітыцы». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Каго б не абралі сёння ўкраінцы, стасункі з Беларуссю ад гэтага не пагоршацца, лічыць амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім:

«Я не бачу ніякіх пагрозаў для нашых стасункаў. У нас прынятая стратэгія развіцця беларуска-ўкраінскіх стасункаў, і пакуль я амбасадар, я буду абараняць той курс, які мы раней вызначылі», – падкрэсліў амбасадар.

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім: «Я не бачу ніякіх пагрозаў для нашых стасункаў». Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

На 12:00 у Менску прагаласавала 291 чалавек. На выбарчым участку прысутнічаюць трое назіральнікаў: ад штабу Зяленскага, ад Усеўкраінскага кангрэсу ўкраінцаў і ад праваабарончай арганізацыі. Парушэнняў на першым туры выбараў у Менску назіральнікі не знайшлі.

На ўчастку стаяць празрыстыя скрыні для галасавання. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Чытайце і глядзіце таксама:

Другі тур выбараў прэзідэнта Украіны. Стрымы і фота

НР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары