«Ён дэмакрат і ведае Захад»: ЗША апублікавалі размовы Ельцына і Клінтана пра Пуціна


Прэзідэнцкая бібліятэка імя Біла Клінтана апублікавала дакументы, якія тычацца расейска-амерыканскіх адносінаў.

У спісе рассакрэчаных дакументаў знайшліся і тэксты тэлефонных размоваў тагачасных прэзідэнтаў ЗША і Расеі. З некаторых вынікае, што 8 верасня 1999 году Ельцын распавёў Клінтану пра свайго пераемніка і пра тое, што пошукі такога чалавека былі вельмі цяжкімі.

Скрыншот тэксту тэлефоннай размовы Ельцына і Клінтана

«На жаль, на той момант я не змог знайсці каго-небудзь з дзеючых кандыдатаў. Нарэшце, я наткнуўся на яго, на Пуціна, і вывучыў ягоную біяграфію, ягоныя інтарэсы, ягоных знаёмых і г.д. Я зразумеў, што ён надзейны чалавек, добра разбіраецца ў тым, што знаходзіцца ў ягонай сферы адказнасці. У той жа час ён грунтоўны і моцны, вельмі таварыскі і можа лёгка ўваходзіць у кантакт з патэнцыяльнымі партнёрамі. Я ўпэўнены, што вы знойдзеце яго высокакваліфікаваным партнёрам. Я глыбока перакананы, што яго падтрымаюць як кандыдата ў 2000 годзе», – казаў Ельцын.

Скрыншот тэксту тэлефоннай размовы Ельцына і Клінтана

Клінтан зазначыў, што вельмі чакае сустрэчы з Пуціным і ўзгадаў пра добрыя стасункі з ім.

Праз месяц у чарговай размове Ельцын зноў кажа, што Пуцін стане прэзідэнтам, падкрэсліваючы, што Пуцін «дэмакрат і ведае Захад».

31 снежня ў навагодняй прамове, якую пачалі трансляваць яшчэ ўдзень, Ельцын заявіў, што сыходзіць з пасады прэзідэнта раней вызначанага тэрміну. Ён лічыў, што «у краіны ёсць моцны чалавек, варты быць прэзідэнтам». Тады ж Пуцін і стаў выконваючым абавязкі прэзідэнта Расеі, а праз некалькі месяцаў афіцыйна пачаў кіраваць краінай.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў