«Ён адкрыў паралельную ДНК беларусаў». У Менску прэзентавалі новы пераклад культавага раману Сяргея Пясецкага


У межах 27-й Менскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу 6 лютага ў «Белэкспа» адбылася прэзентацыі кнігі культавага польскага пісьменніка беларускага паходжання Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Раман перакладзены на беларускую мову ўжо ў другі раз, але цяпер – з усімі дэталямі, якія пры жыцці аўтара выкрэслілі рэдактары.

Сяргей Пясецкі нарадзіўся ў 1901 годзе ў Ляхавічах пад Менскам. Мама была беларускай, тата – палякам, але ў сям’і гаварылі па-расейску. У юнацтве пераехаў пераехаў у Ракаў, які пасля Рыжскага міру стаў памежным пунктам і адначасова цэнтрам кантрабанды. Там жа хлопца завербавала польская выведка, а неўзабаве будучы пісьменнік наагул трапіў у турму за разбой. Менавіта за кратамі ён напісаў дэбютны раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», дзе сакавітай і яскравай мовай апісваў жыццё кантрабандыстаў. Ён быў упершыню апублікаваны ў 1937-м і прынёс Пясецкаму сусветную вядомасць. Пазней Сяргей Пясецкі ваяваў у складзе Арміі Краёвай, эміграваў у Італію, працаваў на брытанскую выведку і пісаў аж да сваёй смерці ў 1964-м. Пахаваны ў брытанскім гарадку Гастынгсе.

Каля польскага стэнду ў «Белэкспа» сабралася дзясяткі два цікаўных слухачоў.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Пясецкі – з’ява кроскультурная, бо выбітны пісьменнік быў яшчэ і прафесійным кантрабандыстам. Сёння з кантрабандыстамі могуць канкураваць толькі перакладчыкі мастацкай літаратуры, якія настолькі ж валодаюць гэтым уменнем парушаць межы», – распачаў прэзентацыю паэт Андрэй Хадановіч.

Паэт Андрэй Хадановіч
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Польска-беларускі пісьменнік настолькі папулярны, адзначыў Хадановіч, што на беларускую мову перакладзеныя 8 ягоных раманаў. А «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» перакладзены ўжо ў другі раз.

«Гэта другое, пашыранае выданне самага культавага рамана, які зрабіў вязня – вольным чалавекам, кантрабандыста – пісьменнікам, пераклаўся на дзясяткі моваў і 82 гады таму нават намінаваўся на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры», – дадаў ён.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Сёлета раман у перакладзе Марыі Пушкінай пабачыў свет, дзякуючы падтрымцы Польскага інстытуту ў Менску і ягонага дырэктара Цэзарыя Карпіньскага, які таксама прысутнічаў на прэзентацыі.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Пясецкі напісаў свой раман падчас знаходжання за кратамі, і калі аддаваў яго ў друк, яму сказалі, што ён занадта даўгі, каб трапіць у адзін том, таму Пясецкі быў вымушаны пагадзіцца на пэўныя праўкі. Пазней ён намагаўся вярнуць усё, што было згублена, усё, выкінутае працяглымі рэдактурамі. Яму вельмі хацелася, каб раман выйшаў з усімі дробязямі. Прадмову да аўтарскага выдання Пясецкі пісаў у 1963 годзе, незадоўга да смерці, калі ўжо ляжаў у шпіталі», – распавяла Марыя Пушкіна.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Перакладчыца летась сустракалася з прадстаўніцай Фонду Сяргея Пясецкага, ягонай унучкай Эвай Тамашэвіч, якая падкрэсліла, што для яе вельмі важна, каб пераклалі першапачатковы аўтарскі варыянт.

«Жылі мы, як каралі. Гарэлку пілі шклянкамі. Кахалі нас прыгожыя дзяўчаты. А мы купаліся ў золаце. Плацілі золатам, срэбрам і доларамі. Плацілі за ўсё: і за гарэлку, і за музыку. За каханне плацілі каханнем, за нянавісць – нянавісцю», – менавіта такімі словамі, паводле просьбы Эвы Тамашэвіч, пачынаецца раман у новым перакладзе.

Акрамя польскай, беларускай і ангельскай Пясецкі бліскуча валодаў кантрабандысцкім арго. Як адзначыў Хадановіч, гэтую жывую гаворку вельмі па-сучаснаму «абеларусіла» Марыя Пушкіна. Перакладчыца дадала, што часам падчас працы ёй трапляліся ў тэксце сакавітыя выразы на «трасяначцы». Шпіён, кантрабандыст і крымінальнік, ён аднак імкнуўся вывучыць у турме польскую, бо вельмі любіў чытаць, а пазней, калі прыйшоў забіраць з турмы свайго сябра, ахвяраваў 40 залатых мясцовай бібліятэцы.

Фрагмент з «Каханка Вялікай Мядзведзіцы» проста ля стэнду зачыталі акторы Купалаўскага тэатру Раман Падаляка і Міхаіл Зуй, апранутыя ў касцюмы ў стылі 20-х гадоў.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Прамоцыяй твораў Пясецкага і папулярыязацыяй яго як гістарычнай постаці ў Беларусі займаецца арт-дырэктар «Кнігарні Логвінава» Павел Касцюкевіч. Ён распавёў, што кнігі, напісаныя ў пачатку мінулага стагоддзя, сёння карыстаюцца вялікім попытам. Сакрэт – у нязвыклым змесце і стылістыцы.

Цэзарый Карпіньскі.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Пясецкі адкрыў паралельную ДНК беларусаў. Мы заўсёды знаходзімся паміж барыкадамі рахманасці і гераічнасці, а тут раптам прыходзіць Пясецкі і кажа, што ўсё гэта лухта і наш шлях – гэта п’яны дэбош, танцы на сталах і даступныя жанчыны. Я думаю, у гэтым і ёсць адкрыццё, таму кнігі разлятаюцца як гарачыя піражкі. Мы адкрылі нешта нечаканае!», – сказаў Касцюкевіч.

На пытанне, ці ёсць чаму павучыцца ў Пясецкага сучаснаму аўтару і сучаснаму беларусу, Касцюкевіч адказаў:

«На мой погляд, Пясецкі – прыклад непрыхаванага, але ад гэтага не менш цудоўнага эгаізму. І як літаратар, і як лірычны герой ён настолькі выгодна падстаўляе сябе святлу пражэктара, што гэта прыемна чытаць! І ў нас адразу падымаецца гэты наіўны эгаізм, які мы трымаем глыбока ўнутры, і таксама хочацца гаварыць пра сябе, любіць сябе».

Перакладчыца Марыя Пушкіна.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Hавiны
Два партрэты з жыцця Сяргея Пясецкага
2019.09.17 15:04

КА, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў