«Ёмаё! Колькі іх...»: Расея сцягвае бранятанкавыя групы да мяжы з Украінай. Відэа


Выданне informnapalm.org звярнула ўвагу на некалькі кароткіх відэа, якія з’явіліся ў сеціве 19 верасня. На іх відавочцы праяжджаюць міма бранятанкавай калоны. Відэа былі знятыя непадалёк пасёлку Радзіонаўка (населены пункт на GoogleMap), што ў Растоўскай вобласці.

Калона расейскіх танкаў і бронетранспарцёраў ехала ўздоўж трасы за 30 км ад дзяржаўнай мяжы з Украінай.

Валанцёрам міжнароднай разведвальнай супольнасці informnapalm.org удалося распазнаць некаторыя мадыфікацыі вайсковай тэхнікі: мадыфікаваныя танкі Т-72Б3 і Т-72Б3М, баявыя машыны БМП-3, 152-мм самаходныя гаўбіцы 2С3 «Акацыя» і машыны кіравання агнём артылерыі.

Між тым, па ўсёй лініі судакранання на Данбасе адбываецца падрыхтоўка да адводу ўкраінскіх войскаў. Украінскі бок спадзяецца, што вайсковае камандаванне Расеі ды падкантрольных ёй ДНР і ЛНР зробяць тое самае.

Нагадаем, што 18 верасня пасля чарговага этапу перамоваў па Данбасе ў Менску ўкраінскі бок агучыў на якіх умовах гатовы пайсці на рэалізацыю гэтак званай «формулы Штайнмаера» (правядзенне мясцовых выбараў на часова акупаваных тэрыторыях з магчымым наданнем ім «асаблівага статусу»).

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў