Яўку завысілі ў 6 разоў: першы дзень датэрміновага галасавання на адным з участкаў Менску


Жыхарка беларускай сталіцы распавяла пра вынікі першага дня назірання на выбарчым участку № 67 Ленінскага раёну Менску.

Алеся Жыжнеўская акрэдытавалася назіральніцаю самастойна, сабраўшы 10 подпісаў жыхароў, прыпісаных да ўчастку № 67. Раніцай 4 жніўня ў школе, дзе месціцца выбарчая пляцоўка, яна даведалася, што ў спіс назіральнікаў, якія могуць прысутнічаць у кабінеце, яна не трапіла.

Алеся Жызнеўская

 

«Дырэктарка школы № 40 Наталля Новік сказала нам, што мы ў рэзерве, і гэта не дае нам аніякіх магчымасцяў удзельнічаць у працэсе назірання, сачыць, як пламбуюць скрыню. Пазней яна дэманстратыўна закрыла перад намі дзверы. Аднаго назіральніка выдаліла з будынку, мне ўдалося застацца на вахце. Але гэта 140 метраў да кабінетаў, дзе размешчаныя выбарчыя ўчасткі», – кажа Жызнеўская.

Пасля 18:00 на ўчастак прыехаў кіраўнік Ленінскага раёну Пётр Шостак. Ён прабыў нядоўга, але пасля візіту чыноўніка дырэктарка азлобілася на Алесю і ў агрэсіўнай форме пачала яе выганяць са школы.

«У яе літаральна цякла пена, яна гарлапаніла, і я цяпер разумею чаму. Яна злавалася, што зрабіла памылку – дазволіла мне застацца ў школе. Я стала сведкай фальсіфікацыяў. Натуральна, у школу заходзілі не толькі выбарнікі, але я магла бачыць, колькі чалавек заходзіла на выбарчы ўчастак», – дзеліцца ўражаннямі Жызнеўская.

Пратакол з участку участак № 67
Пратакол участак № 66

Замест 33 – 179

А 19:00 незалежных назіральнікаў выклікалі азнаёміцца з вынікамі першага дня датэрміновага галасавання. Сама Алеся кажа, што ёй мову заняло. Паводле афіцыйнага пратаколу, на ўчастак № 67 прышлі прагаласаваць 179 чалавек, а на ўчастак № 66 – 128.

«Паводле маіх падлікаў, было плюс-мінус 33 чалавекі. У пратаколе мы пабачылі лічбу 179. Яўку завысілі ў шэсць разоў! Я больш чым упэўненая, што Шостак прыехаў, каб давесці дырэктарцы «правільныя» лічбы», – кажа назіральніца.

Назіральнікаў, якія мелі магчымасць заставацца на ўчастку, а 19:00 ужо не было. Алеся адзначае, што дырэктарка падзякавала ім за працу і адпусціла. Прычым гэтых трох чалавек дырэктарка арганізавана прывезла раніцай на аўце.

«Тое, што іх прывезлі разам, пацвердзіла вахцёрка. Ім нават не правяралі пашпартоў, хоць у нас звесткі перапісвалі».

Алеся звяртае ўвагу на абсталяванне выбарчага ўчастку. Скрыні запламбаваныя пластылінам, які лёгка зняць і прыляпіць наноў, не парушыўшы пячаткі. Яна стаяла насупраць уваходных дзвярэй, але праз тое, што жанчыну «перанеслі» на вахту за 140 метраў, цяжка было разгледзець, хто ўкідваў бюлетэні.

Назіральніца кажа, што на другі дзень датэрміновага галасавання дырэктарка распарадзілася ўвогуле не пускаць незалежных назіральнікаў у школу.

Адзіная асоба з адміністрацыі школы, якая выказалася, што думае пра працэс назірання, – завуч па вучэбнай працы Таццяна Маталыцкая, сакратар камісіі на ўчастку № 67. Алеся кажа, што гэта яшчэ адзін доказ таго, што ані сакратар камісіі, ані нават завезеныя назіральнікі не ведаюць рэальных лічбаў.

Hавiны
У Магілёве з участкаў масава выдаляюць незалежных назіральнікаў
2020.08.05 12:19

«Спадарыню Таццяну цяпер фактычна да нічога не дапускаюць. Яе не могуць выключыць, бо гэта б быў прэцэдэнт, яна працаўніца школы. Яна цяпер дапамагае незалежным назіральнікам, інфармуе іх, колькі людзей прыходзіць на ўчастак, бо тых не пускаюць у будынак. Я зразумела, што яна нават не ў курсе, што магла не ўдзельнічаць у назіранні, бо сама яна не хацела. Адміністрацыя сказала, што яны павінныя быць у камісіі, бо гэта нібыта частка іх працоўных абавязкаў», – распавяла Алеся Жызнеўская.

Незалежных назіральнікаў масава не пускаюць на выбарчыя ўчасткі па ўсёй краіне. Датэрміновае галасаванне праходзіць да 8 жніўня. Праваабаронцы заклікаюць беларусаў прыходзіць і галасаваць у асноўны дзень выбараў – 9 жніўня. Паводле іх, гэтак можна мінімізаваць фальсіфікацыі.

Hавiны
Берасцейскіх назіральнікаў у першы дзень датэрміновага галасавання адправілі на вуліцу
2020.08.05 13:22

ДР belsat.eu

Стужка навінаў