Яўген Рубан: шахматны гросмайстар з Горадні, лішні ў СССР


У савецкі час ягонае прозвішча было выключанае з шахматных даведнікаў. Яго пазбавілі звання майстра спорту. Без перспектываў росту і без прафесіі, ён быў вымушаны перабівацца выпадковымі заробкамі і… піць. Што вядома пра шахматыста Яўгена Рубана з Горадні, які не ўпісваўся ў савецкую рэчаіснасць?

У сеціве можна знайсці адно сціслую інфармацыю пра лёс Рубана. Нарадзіўся 19 чэрвеня 1941-га ў Горадні. У 1964-м заняў другое месца ў шахматным чэмпіянаце ў БССР. Пасля службы ў войску перабраўся ў Ленінград, вучыўся на філасофскім факультэце. У 1966-м гуляў у паўфінале чэмпіянату СССР: паловы балу не хапіла яму для выхаду ў фінал. Гуляў за зборныя каманды БССР і Ленінграду, удзельнічаў у агульнасаюзных спаборніцтвах і… усё. Чорная пляма.

Яўген Рубан

Далей ідуць паведамленні пра адседкі ў савецкіх лагерах па арт. 206 КК РСФСР: «Хуліганскія дзеянні, абцяжараныя асаблівым цынізмам». Як так? Шахматыст і тут… хуліган? Аказалася, што пад гэты артыкул у Саюзе таксама траплялі геі (хоць быў і адмысловы артыкул – 121-ы, «Педэрастыя»). Упершыню яго судзілі ў 1970-м, пасля – зноў. Пра кар’еру можна было забыцца.

Абцяжараны «крымінальным» мінулым, Рубан бадзяўся па Саюзе, браўся за любую брудную працу, а ўрэшце вярнуўся ў Горадню. Тут ён гуляў у сціплым аматарскім шахматным клубе. Зламаўся, пачаў піць. Паводле афіцыйнай версіі, у 1997-м трапіў пад машыну.

Шахматны клуб у Горадні на вуліцы Ажэшкі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Мы вырашылі разабрацца ў гэтай гісторыі ды спытаць пра Яўгена Рубана ў тых, хто яго яшчэ памятае.

«Пісаў шмат у часопісы. Вядома, падпольна»

Гарадзенскі шахматны клуб існуе і сёння. Ён месціцца ў старым дамку дарэвалюцыйнай забудовы па вуліцы Ажэшкі. Шматгадовы кіраўнік Валер Петрасян не без гонару распавядае, што гуляюць тут людзі ад 6 да 97 гадоў. Іншыя клубы ў абласных цэнтрах зачыняюцца, а тут – працуе. Са словаў Петрасяна, адсюль выйшла шмат знакамітых шахматыстаў і чэмпіёнаў, у тым ліку – Яўген Рубан.

Валер Петрасян, кіраўнік шахматнага клубу. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Вядома, памятаю яго! Майстар спорту па шахматах, чэмпіён Ленінграду, віцэ-чэмпіён СССР і г. д., – апавядае Валер Петрасян. – Вельмі разумны і граматны. Любіў палітыкай займацца… Пісаў шмат у часопісы. Вядома, падпольна. Недзе друкаваўся… На жаль, не засталося пад рукой усяго гэтага. Роўных яму не было. Гуляць з Рубанам было бессэнсоўна. Але таксама і парадаў шмат даваў. «Не кіпяці, Міхалыч! Гэта так зробіцца. Гэта не», – памятаю ягоныя словы».

Атмасфера ў шахматным клубе з часоў Рубана амаль не змянілася. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Кіраўнік клубу таксама адзначае, што былі ў Рубана недахопы, а менавіта: алкаголь. Усе заплюшчвалі вочы. Разам з тым, шахматыст не апускаўся, ніхто не чуў ад яго ніводнага мацернага слова. А працаваў ён качагарам, нягледзячы на дзве вышэйшыя адукацыі – тыповая дысідэнцкая гісторыя. Дарэчы, у клуб у Горадні і сёння не пускаюць гульцоў нават з пахам алкаголю – такі закон.

«Прыехаў паміраць у нашым балоце»

У клубе знайшлося яшчэ некалькі гульцоў сталага веку, якія памятаюць Рубана. Напрыклад, спадар Яўген: «Памятаю і вельмі ганарыўся: я, піянер, гуляю з чэмпіёнам Ленінграду! У 1966-м Рубан абагнаў нават гросмайстра Віктара Карчанава на чэмпіянаце Ленінграду. Здаецца, у 1985-м у Горадні быў турнір з майстэрскай нормай: шмат гуляла знакамітасцяў з Саюзу. Мяне ўразіла, што майстар з Калінінграду Навум Дзяменцьеў размаўляў з Жэнем Рубанам пра вершы Мандэльштама і Цвятаевай. Мы, тэхнары, адчувалі сябе нават ніякавата. Ён жа нават п’есы пісаў…»

Яўген Рубан

Спадар Яўген згадвае, што калі Рубан загінуў, то прыязджаў з ЗША нейкі чалавек, каб перадаць грошы ягонай маці. Але тая ўжо таксама была ў лепшым свеце, таму не атрымалася. Сам жа ён вельмі паважаў Рубана як шахматыста.

Яўген Рубан

«У 1975-м Жэня прыехаў у Горадню, як ён казаў, паміраць у нашым балоце, – працягвае спадар Яўген. – Ён жа сядзеў у шмат якіх месцах. Нават прапіскі ў яго не было, таму гуляў па-за конкурсам. У свой час яго пазбавілі звання майстра спорту СССР за тое, што быў пад судом. Ёсць кніга – даведнік шахматыстаў, у якім годзе каму далі майстра спорту. Дык усіх, хто быў асуджаны або эміграваў, прыбралі. Звання яму не вярнулі. І зараз яго хіба ніхто і нідзе не згадвае…»

«У тых месцах было нашмат горш, усё нармальна»

Наступны наш суразмоўца – Уладзімір Верамейчык, майстар спорту СССР, чэмпіён БССР па шахматах 1975 года. Ён таксама памятае Рубана: «Нелегальная літаратура? Ці распаўсюджваў – не ведаю. Але чытаў дакладна: Гінзбург, Салжаніцын ды інш. Быў жа выпадак са знакамітым гросмайстрам Тайманавым, які з-за мяжы прывёз кнігу Салжаніцына, а яго ў Маскве… моцна пакаралі за гэта. Такія часы былі».

Уладзімір Верамейчык, чэмпіён БССР па шахматах 1975 году. Горадня, Беларусь. 21 траўня 2020 года. Фота: Мікола Камінскі / Белсат
Атмасфера ў шахматным клубе з часоў Рубана амаль не змянілася. Горадня, Беларусь. 21 траўня 2020 года. Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Спадар Уладзімір памятае і асабістыя моманты камунікацыі з Рубанам: «У 1976-м мы жылі ў адным нумары перад алімпіядай. Я любіў гуляць у карты і амаль усё прагуляў, а Жэня… усё прапіў. Я толькі пакінуў грошы на праезд нам абодвум дадому, набыў квіткі. Жэня тады набыў бохан хлеба і паставіў бутэльку звычайнай вады на стол са словамі: «У тых месцах (у лагерах. – Рэд.) было нашмат горш, усё нармальна».

«Не дысідэнт, але – няўгодны сістэме»

На Цагляным завулку ў Горадні стаіць невялічкі прыватны дом, утоплены ў зеляніне. Сёння тут даволі ціха, а вось у 1970–80-х збіраліся вялікія кампаніі інтэлігентаў: было нешта накшталт салону, дзе слухалі музыку, абмяркоўвалі палітыку ды літаратуру. Гаспадары дому – Пётр і Раіса Бруянкі. Яны памятаюць сціплага хлопца, які таксама зазіраў на тыя «тусоўкі», – Яўгена Рубана.

Раіса Бруянок. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Да нас яго прывёў галоўны гарадскі хіпі 1960-х – Юра Ровенскі, які пасля з’ехаў у ЗША, – распавядае спадарыня Раіса. – Жэня далучыўся да кампаніі і рэгулярна заглядаў. Ведаеце, шмат народу тут бывала: украінцы, літоўцы, латышы, якія вучыліся ў БССР. Набівалася да 30–40 чалавек! Піт Андэрс, вядомы джазавы музыка з Рыгі, тут бываў… А Жэня Рубан прыходзіў і сядаў у куток ля піяніна. Часам з кнігай. Ціхі быў. А Пецева мама, Вера Нікіцічна, яго ўвесь час спрабавала накарміць».

Пётр Бруянок. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Паводле Раісы і Пятра, Рубан быў начытаным і надзвычай цікавым чалавекам са сваймі поглядамі на ўсе рэчы. Зрэшты, тыя погляды можна было смела назваць антысавецкімі. З гэтай прычыны, паводле Раісы, Рубан і не ўтрымаўся ў Ленінградзе, быў выключаны з універсітэту ды атрымаў такім чынам «воўчы білет».

Багемная атмасфера ў доме Буранкоў у 1970-я. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Мой Пеця скончыў гістарычны факультэт, але ніколі не выкладаў, – узгадвае спадарыня Раіса. – Чаму? Праз антысавецкія погляды. Тое самае было і з Жэнем Рубанам. Усе падобныя людзі былі ў іх на ўліку… Нельга было нікуды дапускаць, тым больш – да публікі, да выкладання. Жэня з гэтай самай катэгорыі: не дысідэнт у поўнай меры, але – няўгодны сістэме. Таму і працаваў качагарам, пакуль сілы былі».

«Магчыма, адпомсцілі за погляды»

Спрабуем асцярожна спытацца пра сексуальную арыентацыю Рубана, якая ў савецкі час была фактычна пад забаронай. Паводле Бруянкоў, некаторыя госці «салону» пра гэта ведалі, але ніякім чынам не выказвалі свайго стаўлення: сярод інтэлігенцыі тое было не прынята.

У доме Буранкоў, куды любіў заходзіць Рубан. Горадня, Беларусь. 21 траўня 2020 года. Фота: Мікола Камінскі / Белсат
У доме Буранкоў, куды любіў заходзіць Рубан. Горадня, Беларусь. 21 траўня 2020 года. Фота: Мікола Камінскі / Белсат

«Ён наагул гэтага ніяк не паказваў: не ганарыўся, не выстаўляў, – паціскае плячыма Раіса Бруянок. – Яго судзілі і пасадзілі ў тыя часы, так… Але ведаеце што? Такая была практыка: як толькі на Захадзе нешта вызнавалі, то ў СССР пачыналася кампанія супраць гэтага самага. Ганенні пачыналіся. Так было і з геямі. Зразумела, што пад каток траплялі не тыя, хто сядзеў у кабінетах, меў статус, а такія, як Жэня, – безабаронныя. Зрэшты, магчыма, і адпомсцілі за погляды… Яны на такое здатныя!»

Атмасфера ў шахматным клубе з часоў Рубана амаль не змянілася. Горадня, Беларусь. 21 траўня 2020 года. Фота: Мікола Камінскі / Белсат
Атмасфера ў шахматным клубе з часоў Рубана амаль не змянілася. Горадня, Беларусь. 21 траўня 2020 года. Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Наконт загадкавай смерці спадарыня Раіса кажа з ноткамі спачування: маўляў, Рубан быў дужа задуменны, мог выйсці з шахматнага клубу, а ў галаве далей пракручваць камбінацыі… таму і не заўважыў машыны. Таксама дадае, што столькі напакутаваўшыся ў жыцці, з паламаным лёсам і кар’ераю, магчыма, жыць далей асабліва не хацеў.

Атмасфера ў шахматным клубе з часоў Рубана амаль не змянілася. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў