Яўген Кісялёў: «Тэрыторыя праўды» – гэта чатыры кроплі. Капаць трэба ўвесь час


Міжнародныя дэбаты «Тэрыторыя праўды» на «Белсаце» вядуць беларуская публіцыстка Святлана Калінкіна і легендарны расейскі вядоўца Яўген Кісялёў. У чатырох выпусках ток-шоу дзясяткі экспертаў з шасці краінаў будуць дыскутаваць пра тое, як палітыка Пуціна ўплывае на нас, і як гэты ўплыў можна паменшыць

Яўген Кісялёў, адзін са стваральнікаў НТВ, узначальваў расейскі тэлеканал да таго, як кантроль над ім сілавым спосабам перахапілі расейскія ўлады. З 2008 года Кісялёў жыве і паспяхова працуе на тэлебачанні ва Украіне. Там у 2017 годзе сумесна з прадзюсарам Аляксеем Сямёнавым і тэлевядоўцам Мацвеем Ганапольскім ён стварыў новы медыярэсурс – інфармацыйны тэлеканал «Прамой», дзе заняў месца вядоўцы.

На радзіме яму пагражае шматгадовае зняволенне. ФСБ ўзбудзіла супраць тэлевядоўцы крымінальную справу, абвінавачваючы ў закліках да тэрарызму – Кісялёў выказваўся ў падтрымку ўкраінкі Надзеі Саўчанка, калі яна знаходзілася ў расейскай турме.

Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Яўгенам Кісялёвым.

– Чаму Вы вырашылі прыняць удзел у «Тэрыторыі праўды»?

– Я ніколі не бяруся за праекты, за тэмы, якія мне абыякавыя і непрыемныя. Я ніколі не бяру інтэрв’ю ў людзей, якія мне не цікавыя. Калі мне гэта цікава, я ў гэтым удзельнічаю. І тут менавіта такі прыклад.

6 гадоў Пуціна прайшло, і яшчэ 6 гадоў Пуціна наперадзе. І гэтыя 6 гадоў нешта рыхтуюць суседнім краінам. Наўрад ці нешта добрае. Ёсць пра што пагаварыць.

– Як гэтая праграма можа паўплываць на ўспрыняцце палітыкі простым абывацелем?

Я не веру, што з-за аднаго такога праекта адбудзецца рэвалюцыя ў розумах, але я веру ў тое, што кропля камень точыць. І гэтыя чатыры праграмы – гэта тыя самыя чатыры кроплі, якія пакрысе ды паўплываюць на грамадскую думку. Але капаць трэба ўвесь час. Калі ўсе медыі, даступныя рускамоўнай аўдыторыі на постсавецкай прасторы, будуць рабіць кожны дзень тое ж, што мы, – тады будзе вынік.

– Што атрымае глядач паглядзеўшы гэтыя праграмы?

Кісялёў, паводле ягоных словаў, слухаў гасцей «Тэрыторыі праўды», затаіўшы дыханне. Фота – Вальдэмар Давейка для «Белсата»

 

Ежу для разважанняў. Важней за ўсё, каб людзі паслухалі і задумаліся. У гэтым праекце прымаюць удзел надзвычай змястоўныя эксперты, глыбокія знаўцы тых тэмаў, якія мы абмяркоўваем. Мне іх слухаць цікава. Нават часам слухаю – і не перарываю іх.

Любы тэлевізійны вядоўца ведае сітуацыю, калі хто-небудзь з гасцей ток-шоу гаворыць: «Не перапыняйце мяне, дайце мне скончыць!» І мне заўсёды хочацца сказаць такому чалавеку: «Я ніколі ў жыцці не буду перабіваць, калі ты будзеш казаць нешта такое, што прымусіць мяне слухаць, затаіўшы дыханне». Дык вось эксперты, якія ўдзельнічалі ў праекце «Тэрыторыя праўды», казалі так эмацыйна і змястоўна, што я слухаў іх, затаіўшы дыханне. Думаю, гэта самае істотнае, самае важнае, што дасць праект гледачам.

– Чым Вам запомнілася супраца з «Белсатам»?

– Прыемна было працаваць з людзьмі, якія размаўляюць з табой адною прафесійнаю мовай, якія разумелі з паўслова. І самае прыемнае, што я пераканаўся ў высокім прафесіяналізме людзей, якія працуюць на «Белсаце».

– Што Вас здзівіла, працуючы над «Тэрыторыяй праўды»?

– Мяне больш за ўсё здзівіла тое, што ўсё атрымалася. Таму што гэта быў цяжкі праект, у тым ліку і фізічна.

– Ці змянілася Вашае стаўленне да Беларусі пасля знаёмства з беларусамі, якія працавалі над «Тэрыторыяй праўды»?

– Гледзячы што разумець пад Беларуссю. Стаўленне да рэжыму Лукашэнкі не памянялася. Да нармальных беларускіх калег, а мне давялося мець зносіны з беларускімі калегамі, я заўсёды ставіўся пазітыўна. Маё стаўленне не пагоршылася. У Беларусі я не быў. Адзіныя беларусы, з якімі я быў знаёмы, гэта Станіслаў Шушкевіч і яшчэ, вядома, нябожчык Павел Шарамет.

– Большасць свайго жыцця і кар’еры Вы правялі ў Расіі. Што Вас падштурхнула дзесяць гадоў таму пераехаць ва Ўкраіну?

– Мяне запрасілі працаваць на адным праекце. Мне падалося гэта цікавым, перспектыўным. Я паехаў туды працаваць. Гэта не было палітычнай эміграцыяй.

Яўген Кісялёў падчас запісу праграмы. Фота – Вальдэмар Давейка для «Белсата»

Першы час, працуючы ў Кіеве, я часта прыязджаў назад у Расею. Паступова з цягам часу я зразумеў, што для таго, каб паспяхова працаваць як журналіст ва Украіне, трэба працаваць не вахтавым метадам, а жыць там, пускаць карані, заводзіць сувязі, знаёмствы. Калі ты хочаш быць сур’ёзным украінскім журналістам. Таму цэнтр маіх професійных і жыццёвых інтарэсаў перамясціўся ў Кіеў. Астатняе было ўжо пасля. Ракіровачка. Трэці тэрмін Пуціна. І ўсе іншыя брыдоты, звязаныя з гэтым трэцім тэрмінам. Анэксія Крыма, вайна на ўсходзе Украіны, збіты малазійскі «Боінг», забойства Барыса Нямцова і іншае, іншае, іншае.

– Вы можаце ў Расею паехаць ці не?

– Не.

– Чаму?

– Нават калі б я мог паехаць, то я не хачу туды ехаць. Мне там ў дадзены момант брыдка.

– Што за гісторыя з абвінавачваннем супраць Вас у Расеі? Надзея Саўчанка даўно ўжо ва Украіне. Чаму гэтую справу не закрываюць, у чым праблема?

– Гэта пытанне не да мяне. Гэта пытанне да тых, хто гэтую справу распачаў.

– Як Вы сябе адчуваеце, працуючы на ​​ўкраінскіх тэлеканалах, ці Вам камфортна там?

– Мне камфортна. Я працую па прынцыпе: «рабі што трэба, і будзь, што будзе» не залежна ад таго, на якім канале я працую. У мяне ёсць сваё ўяўленне пра тое, што такое добрая журналістыка, і я імкнуся гэта ўяўленне рэалізоўваць незалежна ад таго, дзе я працую.

– А што такое, па-Вашаму, добрая журналістыка?

– Добрая журналістыка – гэта добрая журналістыка. Каму незразумела – глядзіце мае перадачы.

Яўген Аляксеевіч, Вы сказалі, што не жадаеце капацца ў мінулым. Але я хацеў бы Вам задаць пытанне, звязанае з мінулым. Некалькі дзён таму былі чарговыя ўгодкі вываду войскаў з Афганістана. Справа ў тым, што так склалася, што Вы і мой бацька былі амаль адначасова ў Афганістане. Мой бацька быў там з 1982 па 1983 г. А потым яшчэ раз быў год. Усяго правёў два гады. Ён даўно памёр, але ледзь не да смерці яму сніўся Афганістан. Магчыма, Вы не ўдзельнічалі непасрэдна ў баявых дзеяннях, але не магу не спытаць: Вам сніцца Афганістан ці не?

– Не, мне Афганістан чамусьці не сніцца. А можа быць, і сніцца часам, але ведаеце, не ўсе сны запамінаюцца. Ва ўсялякім выпадку, кашмарных сноў у мяне няма. Я не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. У мяне няма посттраўматычнага сіндрому. Я ж працаваў перакладчыкам. Прычым не ў 40-й арміі, не ў так званым «абмежаваным кантынгенце савецкіх войскаў», які ўвайшоў у Афганістан у снежні 1979 г., а ў групе савецкіх ваенных дарадцаў, якая была там пры ўсіх рэжымах, ва ўсе часы.

Туды я трапіў яшчэ ў сярэдзіне 1979 г. Тады нават гаворкі не было пра ўзброенае ўварванне. І гэтак там на гэтай працы і прапрацаваў. Гэта быў паралельны свет той вайне, якую там вяла 40-ая армія. Таму не ўзгадваю. Хоць стаўленне ў мяне да гэтага ёсць, але гэта тэма асобнай гутаркі. Уваход савецкіх войскаў у Афганістан – гэта было больш, чым злачынства – гэта была памылка.

– А тое, што зараз адбываецца з Украінаю – гэта памылка? Як Вы гэта ўспрымаеце?

– Гэта агрэсія. Я ўспрымаю гэта як анэксію Крыма і агрэсіўную вайну, якая вядзецца сродкамі 21 стагоддзя.

Якое значэнне мае той факт, што «Тэрыторыя праўды» выходзіць на расейскай мове, а не, скажам, на беларускай ці іншых мовах?

– Расейская мова, падабаецца гэта каму-небудзь ці не, – гэта мова міжнацыянальных зносін на постсавецкай прасторы. Я бачу, як па-расейску размаўляюць паміж сабой дыпламаты з Латвіі, Літвы, Эстоніі, акрэдытаваныя ў Кіеве. [Дзе апошнія гады працуе Яўген Кісялёў – рэд.]

У студыі «Тэрыторыі праўды». Фота – Вальдэмар Давейка для «Белсата»

Я неяк апынуўся ў кампаніі дыпламатаў, сярод якіх быў пасол Эстоніі, пасол Латвіі, пасол Літвы, там яшчэ быў і выдатна гаварыў па-расейску амбасадар Швецыі і, па-мойму, Фінляндыі ці Венгрыі, не буду хлусіць. Расейская мова была для іх адзінай, на якой кожны з іх казаў свабодна, яны, нягледзячы на ​​ўсю складанасць адносінаў да так званага «рускага міру», размаўлялі паміж сабой па-расейску. І праект «Тэрыторыя праўды» такім чынам ўбачаць усе людзі, якія гавораць на расейскай мове, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца – у Беларусі, ва Украіне, у краінах Балтыі ці нават у Польшчы. І спадзяюся, што ў Расеі яго таксама паглядзяць.

«Тэрыторыю праўды» глядзіце па серадах з 21 лютага па 14 сакавіка на тэлеканале «Белсат».

Першы выпуск глядзіце сёння ў жывым эфіры ў 21.25 (Мінскага часу).

Стужка навінаў