Яшчэ адзін журналіст пакінуў «Прессбол». Са снежня з выдання сышлі 12 працаўнікоў


Рэдактар аддзелу футболу cпартовай газеты «Прессбол» Ягор Бачыла пакінуў выданне. Пра гэта журналіст абвесціў на сваёй старонцы ў Facebook.

«Як у нас кажуць, няма публікацыі на Facebook – значыць, не лічыцца. Дык вось, і мая супраца з «ПБ» падышла да канца. Нас са снежня ўжо 12 – цэлая футбольная каманда з хвосцікам», – напісаў Бачыла.

Летась «Прессбол» пакінуў галоўны рэдактар Сяргей Кайко. Замест яго прызначылі аўтара выдання і каментатара «Беларусь-5» Дзмітрыя Герчыкава. Пры Герчыкаве газета не маўчала пра жнівеньскія падзеі і арышты спартоўцаў. Аднак у лістападзе праз цэнзуру сышоў і ён.

У снежні новым галоўным рэдактарам прызначылі былога працаўніка ОНТ і выдання «Спортивная панарама» Сяргея Лісічкіна. Яго кандыдатуру прасоўвала Беларуская федэрацыя футболу, якая валодае паловай акцыяў газеты «Прессбол». Пасля з выдання пачалі сыходзіць рэдактары, журналісты, фатографы і тэхнічныя работнікі. Агулам – 12 чалавек.

«Прессбол» выдаецца з 1991 года. Гэта найбуйнейшая беларуская спартовая газета.

Стужка навінаў