Яшчэ аднаго актывіста будуць судзіць за інтэрв'ю недзяржаўным СМІ


У судзе Кобрынскага раёна 9 лістапада будзе разглядацца адміністратыўная справа грамадскага актывіста Сяргея Фалейчыка. Ён таксама даў інтэрв’ю незалежным СМІ, што палічылі «удзелам у несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Пратакол правапарушэння складзены паводле падзеяў, якія мелі месца ў Менску 21 кастрычніка – Марш абураных беларусаў 2.0. У гэты дзень падчас акцыі апазіцыі Сяргей Фалейчык даў інтэрвʼю незалежным СМІ. Гэта і стала падставай дзеля таго, каб распачаць адміністратыўную справу паводле арт. 23.34 КаАП «удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Такім чынам, Фалейчык – трэцці чалавек пасля Уладзіміра Някляева і Валерыя Мінца, якога спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за нібыта заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Нагадаем, 1 лістапада суд Ленінскага раёна Менску пакараў паэта і палітыка Уладзіміра Някляева 10 соднямі адміністратыўнага арышту па ч. 3 арт. 23.34 КоАП нібыта за заклік да ўдзелу ў акцыі пратэсту. Падставай для складання пратаколу стала інтэрвʼю «Белсату».

Праваабаронцы мяркуюць, што Някляеў стаў першай ахвярай «жэстачайшай лібералізацыі», якую абяцаў Ігар Шуневіч. Як адзначае Валянцін Стэфановіч, цяпер «расшарванне» ў сацыяльных сетках кім-небудзь (не арганізатарам і не ўдзельнікам мерапрыемства) пастоў з заклікамі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве будзе ўтвараць склад правапарушэння паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП. Таксама інтэрв’ю з такімі заклікамі, якое гэтыя іншыя асобы даюць сродкам масавай інфармацыі, будзе пагражаць ім адміністратыўным арыштам да 15 содняў.

КА, belsat.eu, паводле spring96.org

 

Стужка навінаў