Яшчэ адна Жанчына Беларусі

Алесь
Дзянісаў
Музыка, журналіст

Алена Леўчанка на свабодзе! Хочацца крычаць і крычаць ад радасці! Я не знаёмы асабіста. Але разам з усімі свабоднымі і разважлівымі беларусамі я адсочваў ейную гісторыю. Спадарыня Алена за кароткі час стала сімвалам мужнасці і непахіснасці. Сімвалам катавання і несправядлівасці. За кароткі час яна ператварылася з ахвяры ў сапраўдную Гераіню Беларусі. Зрэшты, як і большасць нашых Беларускіх Жанчын.

Час ад часу мне падаецца, што каля Аляксандра Рыгоравіча сядзяць сапраўдныя шкоднікі. Ну, сапраўды! Сам спадар Лукашэнка, – не падарунак, і як кажуць: сам сабе цар-гаспадар, але… Навошта тады гэтая Адміністрацыя Прэзідэнта, усе гэтыя дарадцы, памочнікі, намеснікі памочнікаў, памочнікі намеснікаў? Навошта ўся гэтая армія чынавенства, якая сядзіць на гарбу ў народа? Сам Бог загадаў ім быць каля цела Самога і даваць добрыя парады, неяк вырульваць з небяспечных і нязручных момантаў.

Не ад аднога свайго знаёмага чуў наступнае: хто перашкаджаў намаляваць на выбарах спадару Лукашэшка, напрыклад, 62 % галасоў замест крыклівых 85 %? Былі б пратэсты, былі б незадаволеныя, але, хутчэй за ўсё, большасць праглынула б гэтую «элегантную» перамогу. Можна было б нават другі тур арганізаваць. Было б яшчэ больш пераканаўча! Захад бы слінаю абліўся ад такога разгулу дэмакратыі! Усё роўна зразумела, хто б выйграў у другім туры. Але не. Не знайшлося сярод усёй арміі чыноўнікаў хаця бы аднаго, які мог бы падказаць бяспечны і ўтульны шлях.

Лукашэнка наведвае чарговы завод разам са сваімі найбліжэйшымі чыноўнікамі. Фота president.gov.by

Увесь гэты жах, які зараз адбываецца на вуліцах, напэўна, таксама змова шкоднікаў. Каму стала лягчэй ад усяго гэтага «запечанага пірага» з пакалечаных, асуджаных, забітых? Уладзе? Сумняюся. І, канешне, вішанкаю на торце – Алена Леўчанка! Вы хацелі зрабіць з яе «ахвярную авечку»? Маўляў, глядзіце ўсе: нават найлепшую цэнтравую Чэмпіянату Свету па баскетболе-2010 можна засадзіць на содні! Калі яе можна, то вы, чарвякі, будзеце проста храбусцець пад ботамі! Каму стала лягчэй ад гэтага?

Алена Леўчанка выходзіць на волю, пакараная штрафам Br 810

У якіх хворых мазгах узнікла ідэя пасадзіць сусветна вядомую спартоўку за краты? І яшчэ трымаць у нечалавечых умовах. Не выводзілі ў душ, забралі матрац і бялізну, «завялі» вошы… Людзі! Дваццаць першае стагоддзе! ад навінаў пра вошы валасы на галаве ўстаюць дыбцом! І гэта ўсё пайшло ў свет! Як можна так ненавідзець сваю краіну, каб уся гэтая інфармацыя цяпер патрапіла ў сусветныя навіны?! Імідж Беларусі цяпер нікому не цікавы?

Самае горкае і сумнае з усяго гэтага – гэта тое, што тысячы людзей, нікому невядомых, ні зорак спорту ці шоу-бізнесу, магчыма сядзяць за кратамі ў жудасных сярэднявечных умовах. Ніхто, акрамя родных і блізкіх не ведае іх імёнаў. Ніхто не піша пра іх артыкулы на сайтах. Ніхто не посціць пра іх у Telegram-каналах. Пераважная большасць з іх – не забойцы і гвалтаўнікі. Яны дакладна заслугоўваюць нечалавечых умоваў і такога стаўлення?

Алена Леўчанка. Фота: Facebook

Алена Леўчанка – усё ж сапраўдная Гераіня! Яна вытрымала, і запісала ў свой актыў чарговыя балы. Жанчына з вялікай літары! Як і большасць нашых фантастычных Беларускіх Жанчын, на якіх трывае і трымаецца гэтая Беларусь! Прапаноўваю з сённяшняга дня пісаць Беларуская Жанчына з вялікіх літараў!

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў