Яшчэ 20 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі

Паводле стану на 7 кастрычніка ў Беларусі 97 вязняў сумлення. Сёння беларускія праваабаронцы прызналі яшчэ 20 чалавек палітычнымі зняволенымі.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з супольнай заявай, якую публікуе праваабарончы цэнтр «Вясна». Праваабаронцы адзначаюць, што дэманстранты ў Беларусі не ажыццяўлялі дзеянняў, якія падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу аб масавых беспарадках.

«Мы ацэньваем пераслед Мікіты Ганчарова, Уладзіміра Гароха, Максіма Зіневіча, Міхаіла Калішука, Антаніны Канавалавай, Івана Красоўскага, Іллі Мігно, Віктара Шаўра, Ганны Сунгуравай, Тамаза Піпія, Цімура Піпія, Расціслава Стэфановіча, Арцёма Касакоўскага, Дзяніса Марусевіча, Марка Салоннікава, Іллі Паланянкіна, Марыны Глазавай, Яўгена Каханоўскага, Аляксандра Кісялёва і Андрэя Расулава, што былі абвінавачаныя паводле арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі») і паводле арт. 342 КК («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі», – гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

«Марш вызвалення палітвязняў» ў Менску. 4 кастрычніка 2020 года. Фота: ТК / belsat.eu

З 9 жніўня ў Беларусі працягваюцца няспынныя пратэсты, на нядзельных акцыях колькасць удзельнікаў рэгулярна перавышае 100 тысячаў чалавек. Супраць дэманстрантаў улады ўжываюць гвалт і затрыманні. Згодна з падлікамі праваабаронцаў, з пачатку выбараў у Беларусі былі затрыманыя больш за 14 тысячаў чалавек, шмат з іх былі збітыя, некаторыя былі згвалтаваныя, прынамсі 6 чалавек загінулі. Паводле крымінальных справаў затрымалі больш за 250 чалавек.

AA belsat.eu

Hавiны