Ярмошына вынесла Давыдзьку «строгае персанальнае папярэджанне»


Старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька парушыў выбарчае заканадаўства, але не панёс за гэта ніякай адказнасці.

Праграма «Клуб рэдактараў» з удзелам кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі была запісаная 11 верасня. Выданне было прысвечанае выбарчай кампаніі, кандыдатам і іх праграмам. Аднак паводле Выбарчага кодэксу Генадзь Давыдзька не меў права браць удзел у праграме, таму што ад 10 верасня ён з’яўляецца даверанай асобай кандыдата на прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына ў каментары «Еўрарадыё» заявіла, што атрымала скаргу ў сувязі з парушэннем Давыдзькам заканадаўства і адрэагавала на яе.

«Генадзю Браніслававічу было зробленае мной строгае папярэджанне. Лічыце, што гэта было персанальнае папярэджанне старшыні Цэнтральнай камісіі», – адзначыла Ярмошына.

У той жа час у Выбарчым кодэксе няма такога пакарання, як «персанальнае папярэджанне старшыні Цэнтральнай камісіі». У дакуменце гаворыцца, што за здзейсненае даверанай асобай кандыдата на прэзідэнцтва парушэнне выносіцца папярэджанне самому кандыдату. І што калі такіх папярэджанні будзе два, то кандыдата могуць зняць з выбараў. Лідзія Ярмошына пагаджаецца з такой заўвагай «Еўрарадыё», але не больш за тое.

«Няма ў Кодэксе такога. Гэта – прафілактычная мера ўздзеяння. А вам трэба, каб я яго падвергла расстрэлу за гэта?» – пытаецца старшыня ЦВК.

Сам Генадзь Давыдзька ўжо паспеў заявіць, што ніякіх парушэнняў не было. Маўляў, калі праграма запісвалася, то ў яго руках яшчэ не было мандата даверанай асобы кандыдата на прэзідэнцтва.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў