Ярмошына распавяла пра магчымыя даты выбараў у Беларусі


Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына заявіла, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі мусяць адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 году, а выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў – не пазней за 6 верасня 2020 году. Розніца – усяго адзін тыдзень.

Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

«У беларускім заканадаўстве існуе толькі тэрмін «не пазней за«. Гэта значыць, праводзіць выбары пазней за гэтыя даты нельга. А раней можна. А вось наколькі раней, у заканадаўстве не прапісана», – тлумачыць старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК адзначыла, што заканадаўства не забараняе праводзіць выбары ўжо нават у бягучым годзе.

«Дапускаю, што адны выбары могуць адбыцца ў канцы гэтага году, а другія ў 2020-м. Я па-ранейшаму лічу, што дзве выбарчыя кампаніі трэба развесці па розных гадах. Але паколькі Цэнтральная выбарчая камісія не прызначае выбары, то вырашаць усё будуць кіраўнік дзяржавы і парламент. Думаю, што ўсё стане вядома ў красавіку, калі прэзідэнт выступіць з традыцыйным пасланнем да народу і парламенту», – адзначыла Ярмошына.

Паводле Лідзіі Ярмошынай, супрацоўнікі ЦВК цяпер рыхтуюць пакеты дакументаў на абедзве выбарчыя кампаніі, незалежна ад таго, якая стане першай.

Папярэднія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі 11 кастрычніка 2015 году, апошнія парламенцкія – 11 верасня 2016 году. Прэзідэнт выбіраецца на 5 гадоў, дэпутаты – на 4.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў