Ярмошына распавяла, калі хоча правесці выбары


30 ліпеня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла журналістам, што прапанавала Аляксандру Лукашэнку правесці выбары ў Савет Рэспублікі 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў – 17 лістапада, падае БелТА.

Лідзія Ярмошына прапанавала Аляксандру Лукашэнку правесці выбары сенатараў 7 лістапада, дэпутатаў – 17 лістапада. Кіраўнік Беларусі даручыў прапрацаваць гэтыя прапановы, яшчэ раз паінфармаваць яго і падрыхтаваць адпаведныя праекты ўказаў.

«Кіраўнік дзяржавы прапанаваў дапрацаваць нам гэтыя прапановы, улічыць меркаванне мясцовых уладаў і да наступнага панядзелка (думаю, менавіта 5 жніўня пачнецца выбарчая кампанія) прадставіць ужо праекты ўказаў з канкрэтнымі датамі правядзення выбараў», – сказала Лідзія Ярмошына.

У Палаце прадстаўнікоў засядае 110 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў аднамандатных выбарчых акругах. У Савеце Рэспублікі – 64 сенатары. 56 чальцоў Савету абіраюць абласныя Саветы дэпутатаў на непрамых выбарах, яшчэ восем сенатараў прызначае наўпрост кіраўнік краіны.

Апошнія выбары ў Палату прадстаўнікоў прайшлі ў Беларусі ў верасні 2016-га На іх упершыню за апошнія дваццаць гадоў дэпутатамі сталі дэлегаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (Ганна Канапацкая) і Таварыства беларускай мовы (Алена Анісім).

Назіральнікі АБСЕ не прызналі тае выбары свабоднымі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў