Ярмошына пра выбары: «Інтэрнэт небяспечны ў плане прапаганды»


Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю «Народнай газеце» выказала сумнеў, што на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі можа перамагчы «кандыдат ад інтэрнэту», а таксама пракаментавала перамогу Зяленскага ва Украіне.

«Прагназаваць, што ў нашай краіне «каралі інтэрнэту» перамогуць на выбарах, пакуль не даводзіцца», – сказала Ярмошына.

У якасці прыкладу ўплыву інтэрнэту на выбары яна прывяла Украіну і апошнюю прэзідэнцкую кампанію там.

«Спадар Зяленскі не займаўся агітацыйнай кампаніяй на тэлебачанні. На самой справе ён быў »прэзідэнтам інтэрнэту«. Менавіта па сеціве прайшлі ягоныя заявы, фільмы, праграмы, рэкламныя ролікі і гэтак далей».

Лідзія Ярмошына, фота bymedia.net

Ярмошына дадала, што трэба мець на ўвазе, што «далёка не ўсе шырока выкарыстоўваюць інтэрнэт і найбольшы ўплыў ён аказвае на моладзь, якая не зʼяўляецца актыўным удзельнікам выбараў».

Яна таксама адзначыла, што інтэрнэт нібыта можа несці небяспеку.

«Уплыў сеціва на інфармацыйныя і ідэалагічныя планы сёння больш шкодны, чым карысны. Інтэрнэт неацэнны ў плане пошуку інфармацыі – навуковай, тэхнічнай. Але ў плане прапаганды ён небяспечны», – сказала яна.

На пытанне, ці варта ЦВК рэагаваць на крытыку тэлеграм-каналаў, блогераў, якіх журналіст «Народнай газеты» назваў «некампетэнтнымі крыніцамі», Ярмошына адказала:

«Я лічу, што на крытыку можна і трэба рэагаваць толькі ў тым выпадку, калі гэта інфармацыя пра якія-небудзь парушэнні, што мелі месца. Вось такія факты трэба правяраць.

Калі ж гэта проста крытыка рашэнняў, што прымаюцца, апраўдвацца ні ў якім разе не трэба. Тым больш перад ананімамі або блогерамі. Сёння любы грамадзянін можа абвясціць сябе блогерам, і ў кожнага будзе свая праўда. Але часцяком усе яны вельмі далёкія ад ісціны.

Рэагаваць на падобную крытыку – гэта праяўляць непавагу да сваёй арганізацыі і да ўсёй выбарчай сістэме ў цэлым».

Нагадаем, выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 17 лістапада 2019 году. Прэзідэнцкія мусяць адбыцца не пазней за 30 верасня 2020.

КА besat.eu

Стужка навінаў