Ярмошына: Палітычныя кампаніі абуджаюць псіхапатычныя настроі ў псіхалагічна нестабільных людзей

Кіраўніца Цэнтрвыбаркаму ў інтэрв’ю ria.ru пракаментавала ход сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі, выказалася пра патэнцыйных кандыдатаў і адказала на крытыку месцаў для правядзення агітацыі.

Ярмошына прызнае, што цяперашняя кампанія – самая складаная з усіх. Паводле яе, «літаральна з першых яе дзён былі зроблены спробы па дэзарганізацыі дзейнасці Цэнтральнай камісіі» і «запалохванні як чальцоў ЦВК, так і выбарчых камісій знізу».

«Калі раней, скажам так, спробы стварэння палітычнай нестабільнасці прадпрымаліся заўсёды ў канцы выбарчай кампаніі, у перыяд перадвыбарчай агітацыі, то ў гэты раз разгайдаць сітуацыю, стварыць нейкую перадрэвалюцыйную абстаноўку ў краіне спрабавалі ўжо з пачатку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, з першых дзён збору подпісаў», – заявіла яна.

Паводле яе, гэта рабілі «рэвалюцыянеры, якія не збіраліся станавіцца кандыдатамі».

Ярмошына з’яўляецца пацярпелай па «справе Ціханоўскага»

«Я наагул не хаджу па вуліцах»

Таксама Ярмошына сцвярджае, што ў ЦВК нібыта надыходзяць пагрозы.

«Ананімныя запалохваючыя лісты ў ЦВК прыходзяць на электронны адрас. Ёсць званкі, яны асабліва актывізаваліся, калі, напрыклад, арыштавалі спадара Бабарыку, і ў нас на гарачую лінію сталі паступаць пагрозы, хоць мы да арышту, натуральна, ніякага дачынення не маем, але нас чамусьці выбралі ў якасці казлоў адпушчэння. Калі вывучыць гэтыя тэксты, відаць, што іх пішуць неадэкватныя людзі. Усе палітычныя кампаніі абуджаюць, скажам так, пэўныя псіхапатычныя настроі ў людзей, якія псіхалагічна нестабільныя.

Я хаджу без аховы, але я наагул не хаджу ўжо па вуліцах. Гэта значыць я прыязджаю на працу і зʼязджаю на машыне дадому, у Дразды. Па сутнасці справы, калі б не абгароджаны пасёлак, у мяне не было б магчымасці дыхаць свежым паветрам. А баяцца ці не баяцца за сваю бяспеку – гэта дарэмна. Я думаю, што трэба, па-першае, заўсёды захоўваць прысутнасць духу і, па-другое, веру ў нашы праваахоўныя органы», – выказалася Ярмошына.

Ярмошына пра Ціханоўскага: «Спрабаваў расхістаць сітуацыю, накіраваўшы яе на змену ўлады»

«Я выступала за дэмакратыю»

Што да месцаў, адведзеных для агітацыі на час кампаніі, іх раскрытыкавалі праваабаронцы, адзначыўшы, што там кепскае транспартнае злучэнне і яны нешматлюдныя. Але Ярмошына ўпэўненая, што выбар менавіта такіх месцаў максімальна адпавядае дэмакратычным умовам.

«Я магу сказаць, што гэтак гадоў 15 прывучала ўсе мясцовыя ўлады да думкі, што перадвыбарчая агітацыя, пікеты па зборы подпісаў павінны праходзіць у дэмакратычных, максімальна ліберальных умовах. Да гэтага спачатку прыслухаўся горад Менск, потым мы дайшлі і да правінцыі. І ў нас, па сутнасці справы, была ідэальная раскладка як па месцах, так і па вядзенні перадвыбарчай агітацыі. Дарэчы, гэтая выбарчая кампанія пачыналася з такімі ж поглядамі і матывамі.

Але тады, калі спадар Ціханоўскі ператварыў пікеты па зборы подпісаў у палітычныя агрэсіўныя мерапрыемствы, якія маглі наагул невядома чым скончыцца… Прычым асабіста я за што змагалася, на тое і напаролася, таму што я выступала за дэмакратыю, а да мяне сабраліся прыйсці дадому пад выглядам пікету і збору подпісаў.

Таму, калі паводзіны асобных грамадзянаў сталі непрадказальнымі, гэта прывяло да наступнага прыняцця рашэнняў мясцовымі ўладамі, якія папросту пакінулі для агітацыі ва ўсіх гарадах і весях толькі тыя месцы, якія і раней былі адведзены для вядзення грамадска-масавых мерапрыемстваў. […] Хай яны [апаненты] хоць бы там паспрабуюць правесці агітацыю. Калі ім не будзе гэтых месцаў хапаць, тады яны скажуць: «Нам не хапае, нашых прыхільнікаў значна больш».

Ярмошына: У абяцанні Лукашэнкі нагадаць пра расстрэлы ў Андыжане пагрозаў няма

КА belsat.eu

Hавiны