Японія можа перанесці Алімпіяду-2020


Аргкамітэт Алімпіяды-2020 у Токіа пачаў разглядаць альтэрнатывы правядзенню Алімпійскіх гульняў гэтым летам, нягледзячы на ​​запэўніванні ўраду Японіі, што перанос спаборніцтваў не абмяркоўваецца. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на свае крыніцы.

Праз пандэмію большасць масавых мерапрыемствў адмененая, аднак у Токіа працягваюць заяўляць, што Алімпіяда адбудзецца ў намечаныя тэрміны – з 24 ліпеня па 9 жніўня. Тым часам арганізатары такійскай Алімпіяды апынуліся пад магутным ціскам спартовых федэрацый, якія настойваюць на пераносе Гульняў.

Крыніца агенцтва паведамляе, што ў канцы сакавіка будуць абмяркоўвацца варыянты правядзення Гульняў па скарочанай праграме або без гледачоў на стадыёнах. Другая крыніца пацвярджае, што такія абмеркаванні сапраўды ідуць і што абмяркоўваецца, у прыватнасці, перанос Гульняў на год ці два. Некаторыя чальцы аргкамітэту ўсё яшчэ спадзяюцца, што Гульні можна будзе перанесці на месяц або 45 дзён.

Канчатковае рашэнне аб правядзенні або пераносе Гульняў прымае Міжнародны Алімпійскі камітэт (МАК), аднак меркаванне Японіі, гаспадыні турніру, таксама вельмі важна.

У пятніцу прэзідэнт МАК Томас Бах прызнаў у інтэрв’ю газеце New York Times, што разглядаюцца розныя сцэнары правядзення Алімпіяды-2020, аднак адмены Гульняў у планах няма.

КА belsat.eu

Стужка навінаў