«Яны трапілі ў лад дачыненняў, які ўжо склаўся». На судзе выступілі адвакаты камандзіраў Коржыча


У Менскім раёным судзе скончыліся судовыя спрэчкі ў справе прапаршчыка Артура Вірбала і лейтэнанта Паўла Сукавенкі з роты, дзе загінуў Аляксандр Коржыч. Іх вінавацяць у «злоўжыванні ўладаю» (ч.1 і 2 арт. 455 КК), аднак следства не лічыць, што яны датычныя да смерці Коржыча.

Адвакат лейтэнанта Сукавенкі Аляксандр Галіеў просіць не пазбаўляць волі свайго падабароннага. Галіеў заклікаў суд задумацца пра сапраўдныя прычыны нестатутных адносінаў у войску.

«Падсудныя трапілі ў такое асяроддзе і лад дачыненняў, які ўжо склаўся», – адзначыў ён.

Паводле адваката, не Вірбал і не Сукавенка прыдумалі прымушаць жаўнераў адціскацца – такія пакаранні лічацца ў арміі нармальнымі і, верагодна, дагэтуль ужываюцца.

Адвакатка Вірбала Л. Несцяровіч таксама прасіла суд прызначыць свайму падабароннаму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Абодва абаронцы звярнулі ўвагу суду на тое, што большасць пацярпелых не маюць прэтэнзіяў да Вірбала і Сукавенкі, і просяць не караць іх строга. Нагадаем, пацярпелымі па справе праходзяць 7 сяржантаў, 5 з якіх былі дастаўлены ў суд у кайданках. Сярод іх сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч – паводле следства, іх дзеянні прывялі да смерці Аляксандра Коржыча. Суд над імі праходзіць паралельна, цяпер там абвешчаны перапынак. Акрамя таго, сярод пацярпелых ёсць ужо асуджанныя сяржанты – у прыватнасці, Арцём Берднік, якога ў траўні пакаралі 3 гадамі пазбаўлення волі за дзедаўшчыну.

Апошняе слова абвінавачаных мусіць прагучаць 17 кастрычніка.

Дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Лалуа просіць суд пакараць прапаршчыка Артура Вірбала чатырма, а лейтэнанта Паўла Сукавенку шасцю гадамі пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Прапаршчык Вірбал сваю віну прызнае цалкам. Афіцэр Сукавенка – часткова.

ВІДЭА
Пракурор патрабуе для камандзіраў Коржыча 10 гадоў калоніі на дваіх
2018.10.11 11:26

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў