«Яны толькі ў цэнтры могуць людзей хапаць. Няхай прыязджаюць да нас на раён і наводзяць парадак»


27 кастрычніка ў Магілёве адбылася сустрэча жыхароў мікрараёну «Тэхнапрыбор» з дэпутатам гарадскога савету Андрэем Коневым. Людзей папярэджвалі, што будуць абмяркоўвацца толькі лакальныя пытанні, звязаныя з добраўпарадкаваннем і камуналкай. Так яно і адбылося – на працягу амаль што трох гадзінаў Андрэй Конеў запісваў у нататнік пра дрэнныя дарогі, адсутнасць асвятлення і засілле п’яніц на мікрараёне «Тэхнапрыбор».

Сустрэча была прызначана ў фае аднаго з інтэрнатаў. «Нарэшце мы пазнаёміліся», – распачалі дыялог людзі.«Перад вамі ваш дэпутат», – з усмешкай адказаў Андрэй Конеў. Ён распавёў, што зʼяўляецца дырэктарам Магілёўскага прадпрыемства цеплаэнергетыкі. Маўляў, што ўжо спрабаваў сустракацца з людзьмі, але тыя спробы былі няўдалымі. Цяпер жа ён разлічвае на цесны дыялог з насельніцтвам.

Фота Belsat.eu

У мікрараёне «Тэхнапрыбор» каля 20 шматпавярховых дамоў. На сустрэчы з дэпутатам прысутнічалі прадстаўнікі большай часткі гэтых дамоў – каля 40 чалавек. Спачатку людзі выказваліся па аднаму і стараліся не перабіваць нікога, але ўжо праз 30 хвілін сустрэчы ў фае ўзняўся гоман. Кожны хацеў хутчэй агучыць сваю праблему і вярнуцца да хатніх спраў.

Фота Belsat.eu

«Запісвайце, у нас газавая труба іржавая, перыла, дзверы не пафарбаваныя. Дарогі таксама – паўсюль яміны. Яшчэ хацелася бы, каб была дзіцячая пляцоўка», – выпаліла адразу ўсё Валянціна Баброва. «А я хачу сказаць, што грамадскі транспарт не можа да нас праехаць з-за прыпаркаваных уздоўж дарогі машын. Зрабіце нам паркоўку для машын», – прапанавала іншая жанчына.

Фота Belsat.eu

Андрэй Конеў уласнаруч запісваў усё, на што скардзіліся жыхары, а таксама імя адказнага чалавека па кожнаму дому і ягоны нумар, каб пазней звязацца і абмеркаваць далейшыя дзеянні. Жаданне людзей выказацца было такім моцным, што яны пачалі перабіваць адзін аднаго, абступаць дэпутата ўсё бліжэй.

«Як у нас зʼявілася начная крама, то сталі хадзіць нецвярозыя. Уначы пад вокнамі пʼюць, не даюць спаць, ладзяць дэбош. І гэта ўсё працягваецца ад 11-ай вечара і да самай раніцы», – заявіла жыхарка 106-га дому Ганна Казакова. На яе праблему адразу зрэагавала некалькі мужчын:«А можа быць не трэба зачыняць адзіную кругласутачную краму на раёне?» – сказаў мясцовы жыхар.

Фота Belsat.eu

«Не чапайце краму! Няўжо і хлеба ўначы цяпер не купіш?» – адазваўся іншы. На што дэпутат усіх супакоіў, што начную краму ніхто зачыняць не будзе.

Пытанне з нецвярозымі на раёне прапанавалі вырашаць пры дапамозе міліцыі.

«А то яны толькі ў цэнтры могуць людзей хапаць. Няхай прыязджаюць да нас на раён і наводзяць парадак. Тут усе кусты кішаць пʼяніцамі. Не раён – а адна вялікая паляна!» – не супакойваліся жыхары.

Фота Belsat.eu

Напружанне сярод людзей, якія чакалі магчымасці выказацца, нарастала. Некаторыя не вытрымлівалі і сыходзілі. Іншыя прарываліся да дэпутата без чаргі.

«Раз на тры гады сабраліся! Ну давайце ўжо пачакаем», – Андрэй Конеў заклікаў людзей быць больш цярплівымі. Людзі выказалі скепсіс, што дэпутат знойдзе тых, хто гадзіць у падʼездах. «Вось мы ўжо сустрэліся, адзначылі праблемы. Гэта першае. Далей мы абяром старэйшага ў доме і возьмем праблемы на кантроль. І тых, хто гадзіць, мы таксама знойдзем», – супакоіў людзей Конеў.

«Чаму наш мікрараён увесь чорны? Асвятленне дамоў і сцежак нулявое!» «Уздымаешся рана – няма гарачай вады. З гарачага крану цячэ халодная вада!» «Дайце яшчэ адзін аўтобус!» «У нас на раёне там 1 арэлі, тут 1 арэлі. А такога, каб была нармальная дзіцячая пляцоўка, няма», – вельмі эмацыйна жыхары распавядалі пра свае праблемы.

Фота Belsat.eu

«А можна я рэзюмую вось гэта ўсё? Проста на кожным працоўным месцы павінны рабіць добра, а не як-небудзь. У нас жа робіцца толькі выгляд перад выбарамі: тут траву пафарбуюць, тут дзірачкі залатаюць. А трэба, каб кожны раз рабілі так, як трэба», – заявіла маладая жанчына. «Ага, па нашай вуліцы картэж не ездзіць, таму нам нічога і не робяць», – падтрымалі яе суседзі.

І тут да сустрэчы далучыўся новы ўдзельнік:«Чаму вы людзей падманваеце? Запішыце: 35 аўтобус ездзіць вельмі рэдка».«Як вас завуць?» – спытаў Конеў.«Не трэба мяне ніяк зваць, я сам вас знайду. У рэстаран завязіце людзей, дзе вашыя дэпутацкія мажлівасці?» – не супакойваўся мужчына. Суседзі адразу адзначылі, што мужчына нецвярозы, а той парыраваў: «Вы таксама бухаеце!» Мужчына яшчэ пастаяў нейкі час у натоўпе, а на развітанне сказаў: «Святло на раёне будзе? Праз колькі? Праўда зробіце? Людзей не падманвай!».

Андрэй Конеў пасля таго, як выслухаў усе праблемы грамадзянаў, абяцаў, што адрамантуе самы стары дом на раёне.

«Вы першы дэпутат, які да нас прыйшоў. Ну хоць выслухаў!» – зрабіла вынік жанчына, якая прысутнічала ад пачатку і да канца сустрэчы.

Людзі цікавіліся, як дэпутат збіраецца вырашаць усе агучаныя праблемы.

«Я хачу наладзіць узаемадзеянне. Канешне, заўтра вы зменаў не ўбачыце, але яны будуць. Каб у вас зʼявілася асвятленне, каб зніклі яміны на дарогах, я буду звяртацца ў адказныя арганізацыі – гарсвет, ДМП і іншыя. Можна знайсці рычагі, каб адказныя людзі больш якасна разгледзелі тыя пытанні, за якія яны адказваюць», – сказаў Конеў.

Праблему з добраўпарадкаваннем тэрыторыі дэпутат прапанаваў вырашыць у тым ліку пры дапамозе суботнікаў. Тэхніку абяцаў узяць на сябе. «Шкада, што ўсе так хутка разышліся. Я гатовы яшчэ слухаць. Нават з пытаннямі больш асабістага характару можна да мяне звяртацца. Увогуле я прымаю людзей кожны першы аўторак месяца. Але вы запішыце нумар майго мабільнага тэлефону і званіце ў любы час», – сказаў Конеў.

Фота Belsat.eu

Жанчыны, якія засталіся да канца сустрэчы, былі вельмі задаволены. У цэлым дэпутат выклікаў у іх давер і сімпатыю.На пытанне, чаму зараз адбылася такая сустрэча, жыхарка «Тэхнапрыбора» Таццяна выказала наступнае меркаванне:

«Зараз такая сітуацыя ў Беларусі, што людзі нікому не давяраюць. Людзі вельмі моцна незадаволены сваім урадам. Ва ўсіх накіпела. Магчыма, такім чынам хочуць збіць напружанне ў людзей і зрабіць для іх хоць нешта добрае».

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў